Кангрэгацыя Жыцця Марыі (лац.: Congregatio Maira Vitae), або марыявіткі — каталіцкая жаночая кангрэгацыя.
Створана ў 1737 годзе ініцыятывай Юзафа Стэфана Турчыновіча-Сушыцкага (1697—1773), пробашча віленскага касцёла Св. Стэфана. Стваралася на дыяцэзальным праве і магла дзейнічаць на абмежаванай тэрыторыі, то бок ад пачатку ў межах Віленскага біскупства. У 1752 годзе зацверджана Папам Бенедыктам XIV. Убор — габіт попельнага колеру з вышытым чырвонай ніткай імем Марыі.
Ставілі мэтай наследаванне дабрачыннага жыцця Дзевы Марыі праз апеку бедных дзяўчынак і сірот. Дзейнасць была накіравана на навяртанне ў каталіцтва дзяўчын і жанчын іўдзейскага веравызнання.
Дамы марыявітак былі створаны ў Алыцы, Бабруйску, Бялынічах, Бярдзічаве, Вільні, Віцебску, Глуску, Коўне, Крожах, Магілёве, Мазыры, Менску, Мсціславе, Наваградку, Оршы, Пінску, Полацку, Раманаве, Слоніме, Слуцку, Халопенічах, Чашніках і іншых месцах.
Маёмасць дамоў меравітак складалася з ахвяраванняў — зямель, будынкаў, грошай, а таксама з ўласных заробкаў. Сродкі выдатковаўліся на ўтрыманне саміх сясцёр, а таксама неафітак і бедных дзяўчат.
У канцы 1750-х — 1760-х гадах марыявіткі цярпелі нападкі свецкіх і духоўных асоб. Для стабілізацыі дзейнасці кангрэгацыі пасля смерці Юзафа Турчыновіча ў 1773 годзе, візітатарка Ганна Пацёмкіна здзейсніла падарожжа ў Рым, дзе Папа Клімент XIV зацвердзіў статус кангрэгацыі. Але аднавіць свае пазіцыі марыявіткі не здолелі.
У 1830 годзе ў кангрэгацыі было 130 сясцёр і 17 дамоў — у Бабруйску, Ваўкавыску, Вільні, Віцебску, Галоўчыне, Гародні, Коўне, Крожах, Мазыры, Менску, Мсціслаўлі, Наваградку, Оршы, Пінску, Полацку, Слоніме, Халопенічах.
У 1864 годзе большасць дамоў марыявітак скасавана.
Да пачатку XX ст. на тэрыторыі Беларусі дамы мерыявітак дзейнічалі толькі ў Віцебску і Магілёве.
Літаратура
- Карнілава Л. Марыявіткі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 273-274. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Chodzko J. Diecezja Mińska około 1830 roku : [2 t.] / J. Chodzko; oprac. i wyd. M. Radwan. — Lublin : Inst. Europy Środkowo-Wschod., 1998. — T. 2 : Struktury zakonne. — 213 s.
- Marecki J. Zakony w Polsce: Instytut zycia konsekrowanego. Instytuty i zgromadzenia zakonne. Instytuty swieckie. Wspolnoty zycia apostolskiego / J. Marecki. — Krakow : Universitas, 2000. — 216 s.
- Marjawitki // Encyklopedja kościelna: podług teologicznej encyklopedji Wetzera i Weltego, z licznemi jej dopełnieniami : [25 t.] / wydana przez M. Nowodworskiego. — Warszawa, 1880. — T. 13. — S. 543—545.