Дзяцел малы[1] (Picoides minor) — птушка сямейства дзятлавых.
Апісанне
Стракатая, невялікая птушка. Даўжыня цела 14-16 см, размах крылаў 25-30 см.
Спіна чорная ў белыя палоскі. Спод цела белаваты, без чырвонага. У самца чырвоная «шапачка» і белы лоб, у самкі верх галавы белаваты. У маладых спод цела карычняваты, часам чырвоная «шапачка». Стукае далікатна па тонкіх галінках.
Пашырэнне
Арэал: Палеарктыка (акрамя поўначы і поўдня). На тэрыторыі Беларусі звычайны на гнездаванні аселы і качуючы від.
Насяляе розныя тыпы асветленых дрэвастояў з лісцевымі дрэвамі, рачныя даліны, парослыя дрэвамі, сады, групы дрэў сярод палёў, алеі, урбанізаваныя тэрыторыі. Пазбягае сухіх бароў і цёмных дрэвастояў.
Аселы, узімку вандруе ў межах гнездавога арэала, часам у выглядзе інвазій.
Асаблівасці біялогіі
Гняздо ў дупле ў мяккім дрэве, у ствале або бакавых галінах на рознай вышыні — ад 1 м ад зямлі да вяршаліны дрэва — нават да 10 м, без высцілкі. Глыбіня гнездавой камеры 10—18 см, шырыня — 10—20 см, Дыяметр адтуліны 3—4 см.