Выхаванец бярозаўскага футбола, кар’еру пачаў у мясцовым клубе «Бяроза-2010», дзе з цягам часу замацаваўся ў аснове ў Першай лізе. У «Бярозе» выступаў на розных пазіцыях ад абаронцы да нападніка.
У пачатку 2016 года «Бяроза-2010» спыніла існаванне, і Максім далучыўся да брэсцкага «Дынама», з якім у сакавіку падпісаў кантракт[3]. 2 красавіка 2016 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе, правёўшы ўсе 90 хвілін у матчы супраць БАТЭ (1:4) на пазіцыі левага абаронцы. Пазней, аднак, быў пераведзены на фланг паўабароны, дзе стаў трывала выступаць у стартавым складзе.
У першай палове 2017 года стаў радзей з’яўляцца на полі. У ліпені 2017 года быў аддадзены ў арэнду літоўскаму «Атлантасу»[4]. Аднак, правёўшы за клуб 6 матчаў, атрымаў траўму і выбыў да канца сезона.
У студзені 2018 года пачаў рыхтавацца да новага сезона з брэсцкай камандай[5]. У лютым не трапіў на другі турэцкі збор брэстчан і неўзабаве перайшоў у магілёўскі «Дняпро»[6]. У ліпені 2018 года быў аддадзены ў арэнду брэсцкаму «Руху»[7], якому дапамог перамагчы ў Другой лізе. У лістападзе 2018 года разарваў кантракт з магілёўскім клубам[8].
У студзені 2019 года стаў паўнавартасным іграком «Руха», падпісаўшы аднагадовы кантракт[9]. Дапамог клубу выйсці ў Вышэйшую лігу, дзе ў сезоне 2020 стаў часцей заставацца на лаўцы запасных. У студзені 2021 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Рух»[10].
У красавіку 2021 года далучыўся да «Маларыты». У лютым 2022 года пачаў трэніравацца з пінскай «Хваляй» і ў сакавіку падпісаў кантракт з клубам[11]. Замацаваўся ў стартавым складзе пінскай каманды. У снежні 2022 года пакінуў «Хвалю»[12].
У сакавіку 2023 года папоўніў склад «Нівы» з Доўбізны[13]. Пакінуў клуб у снежні 2023 года[14].
У пачатку 2024 года далучыўся да бярозаўскага «Крэчата».