Выхаванец гродзенскага «Нёмана», з 2002 года гуляў за дубль, а ў 2004 годзе пачаў праходзіць у асноўную каманду. У 2006 годзе перайшоў у мінскі МТЗ-РІПА, дзе гуляў на працягу трох сезонаў. У складзе мінскага клуба стаў уладальнікам Кубка Беларусі і бронзавым прызёрам чэмпіянату.
У пачатку 2009 года перайшоў у склад чэмпіёна краіны — барысаўскага БАТЭ. У барысаўскім клубе хутка замацаваўся ў аснове, звычайна гуляў на пазіцыі левага абаронцы. У складзе БАТЭ чатыры разы стаў чэмпіёнам краіны, выйграў Кубак і два Суперкубкі.
У жніўні 2013 года перайшоў на правах арэнды ў клуб «Том», дзе таксама стаў асноўным іграком. Па заканчэнні арэнды «Том» выкупіла правы на іграка, і ў студзені года 2014 Бардачоў падпісаў з клубам кантракт на 3,5 гады[2].
Па выніках сезона 2013/14 тамічы страцілі месца ў расійскай Прэм’ер-лізе. Максім застаўся гуляць за сібірскі клуб у ФНЛ, аднак правёў толькі 4 матчы, пасля чаго ў жніўні 2014 быў арандаваны «Растовам» да канца сезона 2014/15[3].
Па заканчэнні тэрміну арэнды ў чэрвені 2015 года вярнуўся ў «Том». Клуб меў намер прадаць Бардачова або аддаць у арэнду[4], аднак сезон 2015/16 абаронца пачаў у складзе томскага клуба[5]. Па выніках сезона дапамог «Тамі» вярнуцца ў Прэм’ер-лігу.
У студзені 2017 года быў аддадзены ў арэнду «Арэнбургу»[6]. У складзе «Арэнбурга» звычайна заставаўся на лаўцы запасных, у Прэм’ер-лізе правёў толькі адзін матч. Па выніках сезона 2016/17 і «Том», і «Арэнбург» страцілі месца ў Прэм’ер-лізе, і ў чэрвені 2017 года Бардачоў стаў свабодным агентам[7]. Неўзабаве прыбыў у стан салігорскага «Шахцёра» і падпісаў з ім кантракт[8]. У складзе «Шахцёра» замацаваўся ў якасці асноўнага левага абаронцы. У жніўні і верасні 2017 года не гуляў з-за траўмы, пасля вярнуўся ў асноўны склад. Сезон 2018 пачынаў у стартавым складзе, у красавіку і маі не гуляў з-за траўмы, пасля вяртання стаў з’яўляцца на полі нерэгулярна. У 2019 годзе толькі ў сакавіку з’явіўся на полі ў матчы Кубка Беларусі, а пасля ўвогуле не прыцягваўся да каманды і трэніраваўся асобна.
У лютым 2020 года далучыўся да жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», якое ў лютым узяло абаронцу ў арэнду[9]. Стаў трывалым іграком асновы жодзінскага клуба, дапамог яму выйграць першыя ў гісторыі бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі, а сам быў прызнаны найлепшым абаронцам чэмпіянату. У снежні 2020 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт з «Шахцёрам»[10], а ў студзені 2021 года падпісаў паўнавартаснае пагадненне з «Тарпеда-БелАЗ»[11].
У ліпені 2021 года перайшоў у барысаўскі БАТЭ[12]. У 2021—2022 гадах быў асноўным абаронцам барысаўчан.
У пачатку 2023 года трэніраваўся з БАТЭ, аднак з-за забароны Міністэрства спорту і турызму новы кантракт з клубам не быў падпісаны, і Бардачоў не ўдзельнічаў у афіцыйных матчах каманды ў 2023 годзе. У ліпені 2023 года барысаўскі клуб абвясціў пра сыход абаронцы[13].
Дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі неўзабаве пасля пераходу ў БАТЭ, 1 красавіка 2009 года ў адборачным матчы чэмпіянату свету супраць Казахстана. Хутка стаў асноўным іграком зборнай. Галоўны трэнер Бернд Штангэ спрабаваў выкарыстоўваць Бардачова ў якасці левага паўабаронцы, у гэтай якасці ён забіў 2 галы за зборную. Але пазней апусціўся на звыклую пазіцыю левага абаронцы.
Пасля 2017 года не выклікаўся ў зборную, зноў трапіў у каманду ў верасні 2020 года.
У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі (5): 2009, 2010, 2011, 2012, 2020
Грамадзянская пазіцыя
Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі[14].
Крыніцы
↑Maksim Bordachev // Transfermarkt — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.