Мадлен (архіпелаг)

Мадлен
фр. les Îles de la Madeleine
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Колькасць астравоў
Агульная плошча205,53 км²
Найвышэйшы пункт174 м
Насельніцтва12 781 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва62,19 чал./км²
Размяшчэнне
47°23′19,40″ пн. ш. 61°54′58,30″ з. д.HGЯO
АкваторыяЗаліў Святога Лаўрэнція
Краіна
Мадлен (архіпелаг) (Канада)
Мадлен
Мадлен
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Астравы Мадлен (фр.: les Îles de la Madeleine), Магдалены астравы (англ.: Magdalen Islands) — архіпелаг у заліве Святога Лаўрэнція. Фарміруе аднайменную супольнасць у складзе правінцыі Квебек у Канадзе. Плошча — 205,53 км². Насельніцтва (2011 г.) — 12 781 чалавек.

Геаграфія

Карта

Астравы Мадлен месцяцца ў заліве Святога Лаўрэнція ў 81 км на поўнач ад вострава Прынца Эдуарда, у 697 км на паўночны ўсход ад горада Квебек. Усяго налічваецца 9 астравоў. Большасць з іх злучана доўгімі пясчанымі косамі. Напрыклад, каса паміж астравамі Лю і Грос цягнецца болей за 15 км. Паміж астравамі і косамі вылучаецца шэраг лагун. Агульная працягласць астравоў з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 77,69 км.

Астравы маюць незвычайную геалагічную гісторыю. Яны сфарміраваліся на месцы нізіны, якая 320 млн гадоў таму знаходзілася ў экватарыяльнай зоне. Тут назапашваліся пласты галіту, што дасягалі глыбіні 5 км. У выніку далейшых геалагічных працэсаў запасы галіту пакрыліся на 4 км пластом камянёў і лавы, дрэйфавалі на сённяшняе месца размяшчэння астравоў. Пад ціскам камяністага пласта 5 — 2 млн гадоў таму тэмпература галіту дасягнула 300 °C. Расплаўлены галіт стаў прасочвацца наверх, зрушваў і ўздымаў цвёрдыя пароды, на паверхні ўзніклі саляныя купалы і пясчанікавыя скалы.

Скалы з шэрага пясчаніку працятыя жыламі гліны, вапны і гіпсу. Скалы з чырвонага пясчаніку складаюцца на 99 % з кварцу, пакрытага тонкім пластом аксідаў жалеза. Менавіта яны надаюць пясчаніку чырвоны колер. Пад уздзеяннем марской вады пясчанік разбураецца і ператвараецца ў пясок. Пейзажы астравоў Мадлен адметны бясконцымі пясчанымі пляжамі і выдмамі.

У нашы дні вядзецца прамысловая здабыча солі.

Клімат мяккі вільготны. Сярэдняя тэмпература жніўня +17,8 °C. Сярэдняя тэмпература лютага −8,2 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 1 037,3 мм.

Прырода

Каля 30 % тэрыторыі архіпелага займаюць пясчаныя выдмы, пакрытыя травой. Для флоры выдмаў характэрны багноўка чорная, агурочнік лекавы, марская гарчыца. На саляных лугах і балотах шмат метлюжковых раслін. Важную ролю ў прыродзе архіпелага адыгрываюць тарфянікі. Лясы займаюць невялікую плошчу.

На астравах Мадлен сустракаецца каля 300 відаў птушак, такія млекакормячыя, як лісы, зайцы, чырвоныя вавёркі, розныя грызуны. На берагах размножваюцца грэнландскія цюлені. Каля астравоў часта назіраюць кітоў.

Для захавання астраўной прыроды створана 3 запаведнікі.

Гісторыя

Першымі наведвальнікамі астравоў Мадлен былі індзейцы мікмак, якія сезонна палявалі на цюленяў. У 1534 г. яны былі адкрыты Жакам Карцье. Ён даў ім назву Пясчаныя (Les Araynes). Сучасная назва была дадзена ў XVII ст. у гонар жонкі аднаго з французскіх пасяленцаў. У 1591 г. на астравах здарылася першая сутычка паміж французамі і англічанамі.

Спробы каланізацыі Мадлен некалькі разоў прадпрымаліся еўрапейскімі рыбакамі з другой паловы XVII ст. Аднак першая сталая французская калонія ўзнікла толькі ў 1755 г. У 1763 г. астравы трапілі пад кантроль Вялікабрытаніі. У 1787 г. Георг III перадаў архіпелаг у валоданне капітану Айзеку Кофіну. З-за цяжкай эксплуатацыі з боку ўладальніка частка астравіцян перасялілася ў кантынентальны Квебек. На іх месцы ў 1795 г. апынуліся французскія перасяленцы з калоніі Сен-П’ер і Мікелон. У 1854 г. права канцэсіі тэрыторый перайшло да правінцыі Квебек. З 1895 г. астравіцяне маюць права выкупу сваіх зямель, але да нашых дзён каля 70 % надзелаў знаходзіцца ў арэндзе. З 1938 г. дзейнічае паромная пераправа.

Кіраванне

Большая частка астравоў складае тэрыторыю марской супольнасці астравоў Мадлен (Communauté maritime des Îles-de-la-Madeleine), што была створана ў 2006 г. Супольнасць мае правы муніцыпалітэта ў складзе правінцыі Квебек. Востраў Брыён на поўначы архіпелага з’яўляецца птушыным запаведнікам, што назіраецца правінцыяльнымі службамі.

Эканоміка

Традыцыйная галіна эканомікі — рыбалоўства. Астравы Мадлен славіліся ловам траскі і амараў. У канцы XX ст. гэта галіна моцна пацярпела з-за эканамічнага крызісу і забарон з боку эколагаў. На першае месцы выйшла такая галіна, як турызм. Яна пачала актыўна развівацца з 1972 г. З 1986 г. працуе акваферма па вырошчванню мідый. Астравіцяне таксама займаюцца здабычай солі і сельскай гаспадаркай.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!