У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Тарасюк.
Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (руск.: Любовь Константиновна Тарасюк; 7 снежня 1953, в. Пінкавічы, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць — 16 чэрвеня 2006) — беларуская паэтэса, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1980). Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). Сябра праўлення Саюзу пісьменнікаў Беларусі (1981). Сябра Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Біяграфія
Нарадзілася Любоў Канстанцінаўна ў сям'і рабочых. Бацька, Канстанцін Міхайлавіч, працаваў рабочым, загадчыкам гаспадарчай часткі на розных прадпрыемствах Пінска, маці, Надзея Паўлаўна, — у пінскай гасцініцы. З залатым медалём скончыла Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Якуба Коласа ў 1970 годзе. Значны ўнёсак у фармаванне светапогляду будучага навукоўца зрабіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры, заснавальнік літаратурна-краязнаўчага музею Якуба Коласа ў Пінкавічах Іван Іосіфавіч Калоша[1].
Скончыла БДУ (1975) з чырвоным дыпломам[2]. З 1978 па 2005 год выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры гісторыі беларускай літаратуры.
Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы, праўленне Саюза пісьменнікаў і рэдакцыйную калегію літаратурнага часопісу «Маладосць». Узначальвала суполку філалагічнага факультэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (1991—2005)[3].
Літаратар, паплечнік Любові Тарасюк, Анатоль Шушко, так згадаў студэнцкія гады:
|
Яшчэ вучачыся на філфаку яе любімы настаўнік і падтрымшчык быў Ніл Сымонавіч Гілевіч - гэта бясспрэчна. Потым яна і засталася на кафедры беларускай літаратуры. Натура ў Любы была, яна была цягавітая, яна ўкінулася ў навуку. Нездарма яе першы зборнік вершаў быў выпушчаны куды пазней ужо, хаця яна ў студэнцкія гады магла выдаць паэтычны зборнік таму, што вершы ў яе цудоўныя, менавіта палесскія такія, разумныя, дасціпныя. Настолькі яна шукала слова, як паэт, яна магутная была б, кінулася ў навуку.
|
|
Цяжкая і працяглая хвароба, з якой Любоў Тарасюк мужна змагалася, узяла верх. У 2005 годзе яна пакінула Мінск і вярнулася ў родныя Пінкавічы, дзе заўчасна памерла на 53-м годзе жыцця, 16 чэрвеня 2006 года. Пахавана на мясцовых могілках.
Творчасць
Дэбютавала ў 13-гадовым узросце (1966) у газеце «Піянер Беларусі», але сама навукоўца лічыла за дэбют падборку вершаў, якія надрукавалі ў «Маладосці» праз 7 гадоў (1973) [4].
Даследавала класічную і сучасную паэзію. Аўтар манаграфій «Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985), «Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ ст.» (1999).
Стварыла звыш 200 навукова-метадычных прац для навучальных устаноў.
Творы
- «Смага ракі» (1983)
- «Апалогія красы» (2003)
Зноскі
Літаратура
Спасылкі