У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Грынчык.
Любо́ў Гры́нчык (1923, Быцень, Польшча ― 2009, Мінск, Беларусь) ― беларуская спявачка і гітарыстка.[2]
Біяграфія
Нарадзілася ў 1923 годзе ў Быцені на Берасцейшчыне. Маці, бабуля, цётка Любові Грынчык — спявачкі. Родны брат Канстанцін вёў хор, яшчэ два браты гралі на скрыпцы, на мандаліне. Любоў мела 27 стрыечных братоў і сясцёр. Бацька Аляксей Макарэвіч служыў праваслаўным святаром. Будучы муж-аднавясковец Мікалай Грынчык вучыўся на ксяндза ў Варшаве. Святарскім планам перашкодзіла вайна, пасля якой юнак абраў прафесію літаратуразнаўцы.
Напачатку вайны выратавала савецкіх вайскоўцаў, правёўшы бродам праз Шчару. Адразу пасля вайны Любоў Грынчык трапіла пад рэпрэсіі. У 23 гады яна апынулася ў Комі АССР на лесапавале за тое, што выкладала ў пачатковай школе падчас акупацыі. Назад з Варкуты да Масквы дабіралася на даху вагона, пазней была рэабілітавана.
У 1965 годзе сям’я разам з сынам, будучым фізікам-вынаходнікам, Мікалаем Грынчыкам пераехала ў Мінск на вуліцу Сурганава. У кватэры Грынчыкаў гасцявалі Быкаў, Барадулін, Караткевіч, Мальдзіс, Панізнік.
Памерла ў 2009 годзе, пахавана на могілках у роднай вёсцы.
Творчасць
Свой рэпертуар Любоў Грынчык назвала «Песнямі з-пад Шчары». Усе творы трымала ў памяці, сярод аўтарскіх рэчаў меўся цэлы шэраг песень Сяргея Новіка-Пяюна. Асабіста ведала кампазітара Антона Валынчыка, той перадаў ёй ноты да песні на верш Якуба Коласа «Ліпы старыя». Літаратар Сяргей Панізнік прыгадвае вечарыну ў музеі Янкі Купалы, на які Любоў Аляксееўна прыйшла з гітарай, выконвала «Не загаснуць зоркі ў небе».
Сяргей Панізнік запісаў спевы Любові Грынчык на свой магнітафон «Романтик[ru]». Працэс запісу заняў два дні сакавіка 1969 года. Атрымалася зафіксаваць 36 песень — народных, аўтарскіх, акапэльных і пад гітару, а таксама інструментальныя найгрышы. Вялікую частку запісанага матэрыялу складае комплекс вясельных песень, прымеркаваных да розных этапаў абраду.
Запісы Любові Грынчык захоўваюцца ў Беларускай акадэміі музыкі ў кабінеце традыцыйных музычных культур. Іх прэзентацыя і перадача ў фонаархіў прайшла ўрачыста ў прысутнасьці самой выканаўцы ў 2009 годзе. Адзіная навуковая праца, датычная Грынчык, — гэта курсавая Вольгі Раманюк, дзе музыказнаўца абазначыла спявачку тэрмінам «homo musicus».
Крытыка
Этнаграфістка Тацяна Бярковіч:
|
Любоў Грынчык — гэта ўнікальны выпадак. Яе песьні гучаць вельмі высакародна і вельмі густоўна. Ня ў прыклад многім сучасным спробам апрацоўваць фальклёр. У яе асобе перапляліся натуральны этнаслых і гарадзкая традыцыя камэрнага сямейнага музыкаваньня.
|
|
Лютніст Ілля Кубліцкі з гурта «Стары Ольса»:
|
У гітары Любові Грынчык добры строй. Шкада, што інструмэнт не захаваўся. Сяміструнка — гэта сапраўды эўрапейскі інструмэнт, да таго, як трапіць у Расею, вядомы ў Чэхіі ды Францыі. Відаць, што яна асвойвала інструмэнт самастойна, як ёй было зручна, і такім чынам выпрацавала сваю аўтарскую манеру.
|
|
Зноскі
Спасылкі