Луі Вальта (фр. Louis Valtat; 8 жніўня 1869, Дзьеп — 2 студзеня 1952, Парыж) — французскі мастак і гравёр. Прадстаўнік постімпрэсіянісцкага кірунку ў мастацтве, адзін з заснавальнікаў фавізму.
Біяграфія
Сын багатага суднаўладальніка. Неўзабаве пасля яго нараджэння сям’я пераехала ў прыгарад Парыжа — Версаль, дзе Луі атрымаў адукацыю ў ліцэі Гашэ, а затым — у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў, дзе сустрэўся з Гюставам Буланжэ, Жулем Лефеўрам і Ж.-Ж. Бенжаменам-Канстанам.
У 1887 годзе працягнуў навучанне ў Акадэміі Жуліяна. Вучань Жуля Дзюпрэ. Сярод яго аднакурснікаў быў Альбер Андрэ (1869—1954), які стаў яго блізкім сябрам. У 1890 годзе заснаваў сваю ўласную студыю на Rue La Glaciere у Парыжы.
У 1893 годзе Л. Вальта дэбютаваў у Салоне Незалежных і працаваў сумесна з А. Тулузам-Латрэкам над дэкарацыямі для Парыжскага тэатра L’Oeuvre.
Па стылістыцы яго карціны, напісаныя ў гэтыя гады, апярэджвалі плынь, якая ў далейшым атрымала назву «фавізм» (les fauves — фр. дзікія звяры). Апагеем фавізму стала выстава маладых мастакоў, сярод якіх быў і Луі Вальта, якая прайшла ў 1905 г. у Восеньскім Салоне і выклікала шквал крытыкі і абурэння французскай грамадскасці. Вальта экспанаваў свае карціны не толькі ў Францыі, але і ў Бруселі ў 1900 годзе, Вене ў 1903, Дрэздэне ў 1906, Берліне, Будапешце, Празе і ў 1908 у Маскве ў Траццякоўскай галерэі.
Луі Вальта лічыцца ключавой фігурай перыяду стылістычнага пераходу ў жывапісе ад Манэ да Маціса.
На працягу доўгіх гадоў мастак пакутаваў ад туберкулёзу і глаўкомы, што стала прычынай яго размеранага ладу жыцця ў сваёй хаце ў даліне Шэўрэз, маляўнічыя краявіды якой натхнілі яго на стварэнне мноства шэдэўраў. Восеньска-зімовы перыяд ён звычайна праводзіў на ўзбярэжжы Міжземнага мора ў Сен-Трапэ. Пасля 1914 года працаваў у Парыжы і паблізу ад Руана і Версаля.
Сюжэты яго карцін складалі кветкавыя кампазіцыі, краявіды і сцэны сучаснага жыцця.
У старэчым узросце Вальта вельмі рэдка выязджаў куды-небудзь са сваёй студыі на авеню дэ Ваграм у Парыжы, у якой і былі напісаны яго апошнія карціны, датаваныя 1948 годам, калі глаўкома прывяла да страты ім зроку.
Памёр у Парыжы ў 1952 годзе.
Зноскі