Лукас Талентыну Каэлью ды Ліма (парт.: Lucas Tolentino Coelho de Lima), больш вядомы як Лу́кас Пакета́ (парт.: Lucas Paquetá; нар. 27 жніўня 1997 года) — бразільскі футбаліст, атакуючы паўабаронца англійскага клуба «Вест Хэм Юнайтэд» і нацыянальнай зборнай Бразіліі. Мянушка футбаліста паходзіць ад назвы вострава, у ваколіцах якога бразілец гадаваўся[3].
Клубная кар’ера
«Фламенгу»
Займацца футболам пачаў у акадэміі клуба «Фламенгу», да якога далучыўся ў веку 10 гадоў. Ужо ў 15 гадоў лічыўся адным з самых тэхнічна даравітым футбалістам свайго ўзросту. У сакавіку 2016 года Пакета далучыўся да складу прафесійнай каманды клуба, склаўшы дагавор да 2020 года[4]. Дэбют спартсмена адбыўся 5 сакавіка 2016 года, калі Лукас выйшаў у пачатковым складзе ў матчы Лігі Карыёка ў матчы супраць «Бангу» з лікам 3:1[5]. Свой першы гол у прафесійнай кар’еры забіў 19 лютага 2017 года ў пераможным матчы супраць «Волты-Рэдонды» (4:0). Віднымі трапленнямі ў браму іграка былі галы ў фінале Кубка Бразіліі 2017 года супраць «Крузейру» і ў фінале Паўднёваамерыканскага кубка 2017 года супраць аргенцінскага «Індэпенд’ентэ». Абодва матчы скончыліся ўнічыю 1:1, але ў выніку двойчы клуб станавіўся толькі другім.
«Мілан»
10 кастрычніка 2018 года інфармацыйныя агенцтвы ва ўсёй Бразіліі і Італіі паведамілі, што паводле ўзгодненага дагавора Пакета за 35 мільёнаў еўра далучыўся да складу італьянскага «Мілана». Клуб з Апенінаў апярэдзіў у барацьбе за іграка французскі «Пары Сен-Жэрмен». 12 студзеня 2019 года футбаліст дэбютаваў у складзе клуба, правёўшы на пляцоўцы 85 хвілін матча супраць «Сампдорыі» (2:0) ў розыгрышу Кубка Італіі. Спачатку ігрок часта выходзіў на пляцоўку і нават здабыў галявы асістэнцкі пункт у матчы супраць «Ромы» 3 лютага 2019 года і гол у матчы супраць «Кальяры» праз тыдзень 10 лютага. У наступным, і ў асаблівасці ў наступным сезоне 2019/20 Пакета ўжо меў няшмат гульнявога часу, а канчатак сезона наогул правёў на лаўцы запасных.
«Алімпік Ліён»
30 верасня 2020 года французскі клуб «Алімпік» з Ліёна абвясціў аб набыцці Пакеты, склаўшы з іграком пяцігадовы кантракт за 20 мільёнаў еўра[6]. У новым клубе ігрок атрымаў новы подых і сезон 2021/22 паўабаронца скончыў у статусе найлепшага замежнага іграка чэмпіянату Францыі. Папярэдні сезон быў такім жа паспяховым, гэта значыць у кожны з двух сезонаў бразілец адзначаўся 9 разоў у матчах Лігі 1.
«Вест Хэм Юнайтэд»
29 жніўня 2022 года англійскі «Вест Хэм Юнайтэд» абвясціў пра пераход іграка ў склад клуба за рэкордную для англічанін суму, якую, аднак, не абвясцілі[7]. Мяркуецца, што было выдаткавана больш за 50 мільёнаў фунтаў[8]. 31 жніўня паўабаронца дэбютаваў у складзе новага клуба ў матчы Прэм’ер-лігі супраць «Тотэнхэм Хотспур» (1:1)[9].
Міжнародная кар’ера
Ігрок пачаў прыцягвацца яшчэ да юнацкай і моладзевай зборных Бразіліі. У 2018 годзе быў уключаны ў пашыраны спіс зборнай Бразіліі на чэмпіянат свету 2018, але ў выніку ў фінальны спіс не трапіў. Ужо па сканчэнні чэмпіянату свету быў выкліканы ў склад зборнай на матчы супраць зборных ЗША і Сальвадора[10]. 7 верасня дэбютаваў у нацыянальнай камандзе, замяніўшы на 71-й хвіліне Філіпі Каўтынью, у матчы супраць зборнай ЗША[11]. Свой першы гол у колерах Бразіліі адправіў у браму зборнай Панамы ў таварыскім матчы, які ладзіўся 23 сакавіка 2019 года. У маі 2019 года стала вядома, што Пакета возьме ўдзел у сваім першым афіцыйным турніры — Кубку Амерыкі 2019. 6 ліпеня 2021 года адзначыўся голам у браму зборнай Перу ў паўфінале Кубка Амерыкі 2021[12].