У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Цвяткоў.
Леў Мікалаевіч Цвяткоў (1881, Яраслаўль — 28 лістапада 1937, Смаленск) — мовазнавец, літаратуразнавец, педагог, журналіст; дацэнт БДУ і сакратар Інстытута навуковай мовы.
Адзін з першых беларускіх славістаў савецкага часу, займаўся найперш паланістыкай і сербістыкай. З 1926 года актыўна выступаў у друку з рэцэнзіямі на новыя беларускія, расійскія і замежныя выданні, з артыкуламі пра літаратурна-грамадскі рух у XIX ст., нататкамі пра нацыянальныя супольнасці Беларусі, выказваў прапановы датычныя спосабаў устанаўлення правапісу беларускай мовы.
Біяграфія
Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1904), працаваў у Яраслаўлі і Вязьме, з 1907 года — у Мінску, выкладчык (верагодна, нямецкай або французскай мовы) Камерцыйнага, а пазней — Політэхнічнага вучылішча.
У 1912—1913 гадах рэдагаваў штодзённую газету Усерасійскага нацыянальнага саюза «Минское русское слово». У 1917 годзе — выкладчык Мінскага духоўнага вучылішча. У 1920 годзе выкладчык Палітпрасветы 16-й арміі, упарадкаваў бібліятэку пры Мінскім архіве. У 1922 годзе працаваў у 5-й савецкай школе Мінска. Тым жа часам, як знаўца славянскай філалогіі, запрошаны працаваць на педагагічны факультэт БДУ.
1 кастрычніка 1922 года зацверджаны на пасадзе бібліятэкара кабінета мастацтваў і літаратуры пры педагагічным факультэце БДУ. У 1922/1923 навучальным годзе выкладаў на 1-м і 2-м курсах этнолага-лінгвістычнага аддзялення дысцыпліны «Увядзенне ў мовазнаўства» і «Стараславянская мова». Пазней выкладаў параўнальнае мовазнаўства і славянскія мовы.
Да канца 1926/1927 навучальнага года займаў на педагагічным факультэце пасаду асістэнта кафедры параўнальнага мовазнаўства, з 1927 года — дацэнт, аднак у канцы года вымушаны пакінуць універсітэт. У 1929 годзе звольнены і з Беларускай Акадэміі навук.
У 1930-я гады працаваў настаўнікам у пасёлку Надва Руднянскага раёна Смаленскай вобласці. Арыштаваны 27 верасня 1937 года. Асуджаны 17 лістапада 1937 года камісіяй НКУС і пракуратуры СССР за «шпіянаж» і «антысавецкую агітацыю»[1]. Расстраляны 28 лістапада 1937 года ў Смаленску.
Погляды на правапіс
Леў Цвяткоў далучыўся да прапановы Язэпа Лёсіка адмовіцца ад уведзенага Браніславам Тарашкевічам дысіміляцыйнага якання ў другім складзе перад націскам. Адмоўна ставіўся да прапановы Язэпа Лёсіка скасаваць пазначэнне асіміляцыйнай мяккасці, бо гэта супярэчыла «духу нашага правапісу»[2]. Ухваляў увядзенне акання ў чужаземных словах, лічыў, што для ўнікнення магчымай аманіміі (напрыклад, «онтолёгія» — 'частка метафізікі' і «анталёгія» — 'збор лірычных твораў') можна ствараць неалагізмы тыпу «існаслоўе»)[2]. Дапускаў выкарыстанне ў беларускай графіцы для злітага гуку «дж» сербскай літары, а для гуку «дз» кірылічнай літары «дзело́» (S) — нэнsа, sякаваць, суsьsя.
Асвятляючы пытанне перадачы ўласных назваў іншамоўнага паходжання, Леў Цвяткоў лічыў неабходным клапаціцца пра дакладнасць у транскрыпцыі чужаземных гукаў, а не пераймаць чужыя напісанні; ён імкнуўся дасягнуць найбольшай дакладнасці, якая толькі магчымая пры карыстанні знакамі беларускага алфавіта[3]. Леў Цвяткоў выступаў за:
- выкарыстанне літары «ґ» для перадачы лацінскага «g» (Гамер, Гесіёд, Гарацый, Гары, але Ґорды, Аґрыгент, Верґілій);
- перадачу італьянскага «ch» праз «к», іспанскага і англійскага праз «ч», нямецкага, чэшскага і польскага — праз «х», французскага — праз «ш»;
- перадачу глухога англійскага «th» праз «с», звонкага — праз «з»;
- перадачу англійскага білабіяльнага «w» праз ў (нескладовае) для адрознення «w» ад «u»
- перадачу іспанскага «ñ», французскага і італьянскага «gn» беларускім мяккім «н»;
- перадачу іспанскага «ll», італьянскага «gl», сербскага «љ» беларускім мяккім «л»;
- перадачу іспанскага «j» (хоты), а таксама «g» перад галоснымі пярэдняга раду праз «х»;
- перадачу іспанскага «b» і «u» паміж галоснымі праз «в» (Ibáñez — Іванес);
- перадачу падвойных зычных толькі ў становішчы пасля націску (Шло́ссэр, Шы́ллер, але Шамісо́, Русо́) і толькі ва ўласна асабовых назвах (не ў геаграфічных);
- перадачу польскага r (rz) праз «ж» (а побач з глухім зычным — праз «ш») і чэшскага «r» праз «рж» і «рш»
- перадачу старагрэчаскага «ζ» (дзэты) праз «з», а не «дз»;
- перадачу ў пазіцыі паміж галоснымі грэчаскага і іспанскага «s» праз «с» (Мендоса, Піса, Лісандр, Елісейскія палі);
- скасаванне «дзекання», «цекання» і «рэкання» ў рускіх асабовых назвах (Брюлоў, Брюсаў, Тіханаў, Дедюлін);
- скасаванне «якання» ў рускіх асабовых назвах (Лескоў, Мережкоўскі)
- скасаванне «дзекання» пры перадачы французскага «u» і нямецкага «ü» пасля «д», «т» (Дюран, Дюрынг, Тюрлюпэн);
- перадачу нямецкага «ö» праз «ё» толькі пасля «г», «к»; у іншых выпадках — праз «э»;
- перадачу англійскага «а» ў моцнай пазіцыі праз «эй» (часам перад «l» і «w» — праз «о»);
- перадачу нямецкіх дыфтонгаў «eu», «äu» праз «ой», дыфтонга «au» — праз «аў»;
- перадачу «окання» ў небеларускіх і нярускіх асабовых імёнах (Огоноўскі, Дорошэнка, серб. Поповіч, балг. Попоў);
Бібліяграфія
- Рэцэнзія на: Я. Лёсік. Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка // Асвета. 1926. № 3. С. 175—177.
- Аб некаторых спрэчных пытаньнях беларускага правапісу і аб яго рэвізіі // Асьвета. 1926. № 4. С. 140—144
- Да пытаньня аб рэвізіі правапісу (Programma minimum настаўніка сямёхгодкі) // Асьвета. 1926. № 7. С. 90—92
- Рэцэнзія на: Я. Лёсік. Сынтакс беларускае мовы. Менск, 1926 // Асвета. 1926. № 8. С. 118—119
- Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці. (Рысы народніцтва на беларускай глебе ў творчасьці Сыракомлі) // Маладняк. 1926. № 12. С. 122—137.
- Рэцэнзія на: Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Ч. 1 (расійска-беларуская). Менск, 1927 // Полымя 1927. № 6. С. 216—219.
- Некалькі слоў аб менскіх татарах // Наш край. 1927. № 6-7. С. 10-16.
- Ян Чачот (1797—1847) // Савецкая Беларусь. 1927. 24 верасьня.
- Увагі аб мове філёматаў. Менск, 1927. 13 с.
- Некалькі слоў аб беларускім элемэнце ў польскай лексіцы // Працы Акадэмічнае конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С. 403—417.
- Некаторыя рысы іншаславянскай фанэтыкі ў беларускім лексічным матэрыяле // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. Т. 1. 1928. С. 45-85.
- Янка Купала як перакладчык // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. Менск, 1928. С. 142—176.
- Рэцэнзія на РБС-1928 Некрашэвіча-Байкова // Полымя. 1928. № 5. C. 165—167
- Увагі аб правапісе і скланеньні чужаземных уласных іменьняў у беларускай мове // Полымя. 1928. № 9. С. 199—216
- Таварыства філёматаў (Некаторыя цікавыя рысы аб'яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю) // Маладняк. — 1927. — № 1—2. — С. 60-70; 76-88.
Зноскі
Літаратура
- Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы. ARCHE 2010, № 11.
- Цыхун, Г. А. З гісторыі беларускай славістыкі: Леў Цвяткоў і яго беларуска-іншаславянскія штудыі // Белорусский и другие славянские языки: семантика и прагматика. Мн., БГУ, 2002.С. 165—171.