Востраў Кінг (англ.: King Island) — востраў на захадзе Басава праліва. Разам з суседнімі астравамі Навагоднім і Калядаў складае групу так званых Навагодніх астравоў. Уваходзіць у склад аўстралійскага штата Тасманія. Тэрыторыя — 1100 км². Насельніцтва (2013 г.) — 1 800 чал.
Геаграфія
Востраў Кінг месціцца на захадзе Басава праліва за 85 км на паўночны захад ад вострава Тасманія. Даўжыня з поўдня на поўнач — 65,37 км. Найбольшая шырыня — 25,68 км.
Востраў пачаў фарміравацца ў крыагеніі на разломе тэктанічных пліт. Сведчаннем вывяржэння старажытных вулканаў з'яўляюцца выхады базальтаў у цэнтральнай частцы. Канчаткова свае абрысы Кінг набыў толькі пасля заканчэння апошняй ледавіковай эпохі. Рэльеф вострава ўяўляе плоскую паверхню з вялікай колькасцю выдм на заходнім і паўночным берагах, рэдкімі выхадамі вапнякоў і базальтаў, а таксама гранітныміскаламі на захадзе. Карысныя выкапні: вальфрам, шэеліт, цыркон.
Клімат мяккі вільготны. У студзені сярэдняя тэмпература паветра трымаецца каля 12,5°C - 20,3°C. У ліпені — каля 7,8°C - 12,9°C. Для надвор'я характэрны частыя моцныя вятры і штормы.
Прырода
Да з'яўлення еўрапейцаў на востраве Кінг жылі эндэмічныя эму і марскія сланы, але ў выніку драпежнага палявання яны зніклі да сярэдзіны XIX ст. Захаваліся шматлікія птушкі, у тым ліку рэдкія віды кулікоў і папугаяў. Частка вострава Кінг абвешчана запаведнай.
Гісторыя
У прамежку паміж 14,5 тысячагоддзем да н.э. і канцом 1 тысячагоддзя н.э. востраў Кінг быў населены абарыгенамі. Аднак да пачатку XIX ст., калі на востраве з'явіліся еўрапейцы, карэннае насельніцтва знікла. Лічыцца, што востраў быў адкрыты ў 1797 г. або ў 1799 г. брытанскімі маракамі. Названы ў гонар Філіпа Кінга, губернатара Новага Паўднёвага Уэльса. У 1802 г. на ўзбярэжжы высадзілася навуковая французская экспедыцыя, якая заставіла першае апісанне прыроды. Каб пазбегнуць анексіі вострава Кінг Францыяй, брытанская ваенная экспедыцыя першай сышла на бераг і абвясціла яго сваім валоданнем.
Прырода вострава Кінг моцна пацярпела ад паляўнічых на цюленяў і кенгуру, што наведвалі яго да сярэдзіны XIX ст. У 1845 г. каля вострава падчас шторму пацярпеў крушэнне карабель "Катаракі", загінула 400 чалавек.
У 1855 г. узнікла першае сталае паселішча авечкагадоўцаў. У 1888 г. было заснавана паселішча на заходнім беразе, пераўтворанае ў 1907 г. у адміністрацыйны цэнтр Кэры. Землі Кінга былі падзелены паміж аўстралійскімі фермерамі. Развіццю фермерскіх гаспадарак доўгі час замінаў недахоп карысных рэчываў у глебе, з-за чаго яны патрабавалі шмат угнаенняў. Пасля I Сусветнай вайны была распрацавана спецыяльная праграма развіцця вострава, сюды былі пераселены 50 былых аўстралійскіх салдат. 3 1933 г. здзяйсняюцца рэгулярныя авіярэйсы паміж Кінгам і Мельбурнам.
У пасляваенны час да 1990 г. каля паселішча Грасі вялася здабыча шэеліту. Пасля закрыцця рудні на месцы здабычы створана штучнае возера.
Востраў Кінг складае муніцыпалітэт у штаце Тасманія. У 2017 г. яго жыхары звярнуліся з петыцыяй аб перадачы муніцыпалітэта ў склад штата Вікторыя. Фактычны адміністрацыйны цэнтр знаходзіцца ў паселішчы Кэры на захадзе вострава. У ім працуюць адзіная астраўная сярэдняя школа, малочны завод, аэрапорт.
Традыцыйны занятак астравіцян — малочная жывёлагадоўля, вырошчванне гародніны. Пасля 1990 г., калі была зачынена рудня, дзе здабываўся шэеліт, мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць рыбалоўства і турызм. Меліся планы будаўніцтва буйной ветраной электрастанцыі, спыненыя пасля пратэстаў аматараў дзікіх птушак.
Сярэдні прыбытак мясцовых жыхароў вышэйшы, чым у астатняй Тасманіі, але кошт жыцця таксама вышэйшы за асноўную тэрыторыю штата.