Культура кардыяльнай керамікі
Культура кардыяльнай керамікі, культура штампаванай керамікі, або культура імпрэса — комплекс малых неалітычных археалагічных культур на поўдні Еўропы, які ахопліваў тэрыторыі сучасных Італіі, усходу Іспаніі, поўдню Францыі, адрыятычнага ўзбярэжжа Харватыі, Албаніі і Чарнагорыі, захаду Босніі і Герцагавіны, поўначы Грэцыі. Назва паходзіць ад характэрнай керамікі, упрыгожанай адбіткамі ракавін малюскаў сэрцападобнікаў. Існавала ў 6700 г. да н. э. — 5200 г. да н. э.
Паходжанне
Лічыцца, што першасным месцам узнікнення культуры кардыяльнай керамікі з'яўляецца Фесалія. Аднак найбольш старажытныя знаходкі штампаванай ракавінамі малюскаў керамікі былі зроблены ў раёне Бібла на поўначы Лівана. Яны адносяцца да 9 тысячагоддзя да н. э. Той факт, што знаходкі ў Ліване болей за 2 тысячагоддзя старажытныя, чым фесалійскія, прывёў да шматлікіх дыскусій аб іх магчымай пераемнасці. Тым не меней, даследаванне археагенетыкаў (2015 г.) рэштак носьбітаў культуры кардыяльнай керамікі з Іспаніі дэманструе тое, што яны сапраўды былі нашчадкамі выхадцаў з Блізкага Усходу, вельмі блізкімі па паходжанню да носьбітаў культуры лінейна-стужкавай керамікі. Найбольш блізкімі да іх сучаснымі еўрапейцамі з'яўляюцца баскі і сардзінцы.
Развіццё
Звычайна прынята вылучаць некалькі культурных этапаў развіцця культуры кардыяльнай керамікі:
- Імпрэса (да 6000 г. да н. э.) — узнікненне і развіццё традыцыі штампаваць кераміку ракавінамі малюскаў. Хаця найбольш старажытныя рэшткі такой керамікі знойдзены ў Грэцыі, асаблівы выгляд стыль імпрэса прыняў на ўзбярэжжы Апенінскага паўвострава.
- Класічны кардыяльны стыль (6000 — 5400 гг. да н. э.), характэрны для заходняга Міжземнамор'я, вызначаецца пашырэннем колькасці паселішчаў, відавочнымі прыкметамі земляробства і жывёлагадоўлі.
- Эпікардыяльны стыль (другая палова 6 тысячагоддзя да н. э.) у Францыі і Іспаніі адрозніваецца віхравым арнаментам керамічных вырабаў, міграцыяй яго носьбітаў ва ўнутраныя раёны, далей ад берага.
Большасць даследчыкаў звязваюць пашырэнне культуры кардыяльнай керамікі з марскімі шляхамі. Амерыканскі пісьменнік Г. Сабен апісваў яе з'яўленне на поўдні Францыі наступным чынам:
...гэта першая праява неаліту ў Правансе заставалася арыентаванай на ваду на працягу ўсяго свайго двухтысячагадовага перыяду. Пранікаючы ўглыб, яна будзе прытрымлівацца плыні рэк, замацоўвацца ў невялікіх паселішчах уздоўж берагоў. Ніколі не асядаць ва ўнутраных раёнах, вышэй. Рэфлексіўная па сваёй прыродзе, кардыяльная культура, відавочна, развівалася тварам, павернутым назад, ні ў якай ступені не адмаўлялася ад марскога, галоўным чынам міжземнаморскага паходжання. Ці было гэта звязана з нейкай асноўнай, метабалічнай патрэбай з боку натхняльнікаў грамадства? З ежай, якая патрабуе, скажам, пэўнага салёнага або прэснаводнага пажыўнага рэчыва? Гэта цалкам магчыма. У любым выпадку, гэтыя першыя неалітычныя папуляцыі працягвалі практыкаваць разам з земляробствам і жывёлагадоўляй, па сутнасці, атавістычныя віды рыбалоўства, адлоў ракападобных, збор бруханогіх малюскаў. Сапраўды, калі яны рухаліся ўглыб краіны ў гэтай сваёй павольнай, хвалеподібной міграцыі, яны пакідалі не толькі сваю кераміку, штампаваную ракавінамі, але таксама шмат раскіданых марскіх знакаў, марскіх сувеніраў.
Тым не меней, раскопкі на поўдні Італіі і ў Іспаніі паказалі, што прадстаўнікі культуры кардыяльнай керамікі ўмелі адаптавацца да мясцовых прыродных умоў. Хаця яны ведалі вырошчванне ячменю і пшаніцы, земляробства на цяжкіх алювіяльных глебах было вельмі складаным. Таму асноўным заняткам тут стала жывёлагадоўля. Пасяленцы трымалі авечак і коз. У сметніках на поўдні Італіі казіныя косткі значна пераважаюць косткі дзікіх жывёл. Яны апрацоўвалі крэмень, кварц, абсідыян. У Іспаніі выкарыстоўвалі пячоры адначасова як месцы пахаванняў, арганізацыі рытуалаў і загоны для жывёлы.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
- Bernabeu Aubán Joan, Lozano Sergi, Pardo-Gordó Salvador. Iberian Neolithic Networks: The Rise and Fall of the Cardial World
- William E. Banks, Nicolas Antunes, Francesco d’Errico, Solange Rigaud. Ecological constraints on the first prehistoric farmers in Europe. Journal of Archaeological Science, Elsevier, 2013, 40 (6), pp.2746-2753
- Olalde, I., Schroeder, H., Sandoval-Velasco, M., Vinner, L., Lobón, I., Ramirez, O., Civit, S., García Borja, P., Salazar-García, D. C., Talamo, S., María Fullola, J., Xavier Oms, F., Pedro, M., Martínez, P., Sanz, M., Daura, J., Zilhão, J., Marquès-Bonet, T., Gilbert, M. T., & Lalueza-Fox, C. (2015). A Common Genetic Origin for Early Farmers from Mediterranean Cardial and Central European LBK Cultures. Molecular biology and evolution, 32(12), 3132–3142
|
|