Кубак Інтэртота (англ.: UEFA Intertoto Cup [UIC]) — летні футбольны турнір, які праводзіўся УЕФА ў 1995—2008 гадах сярод еўрапейскіх клубаў, якія не атрымалі пуцёўкі ў розыгрыш Лігі чэмпіёнаў УЕФА або Кубка УЕФА. Пераможцы кубка (да 2007 года іх было 3, затым 11) атрымлівалі права ўдзельнічаць у розыгрышы Кубка УЕФА.
Гісторыя
Кубак быў арганізаваны заснавальнікам Кубка кірмашоў швейцарцам Эрнстам Томі і аўстрыйскім трэнерам Карлам Раппанам. Першы розыгрыш кубка адбыўся ў 1961 годзе пры спонсарскай падтрымцы букмекерскіх кантор. Яны былі зацікаўлены ў такім міжсезонным летнім турніры, каб не спыняць сваю працу.
Першапачаткова турнір называўся Міжнародным Футбольным Кубкам (англ.: International Football Cup). Ён не быў прызнаны УЕФА і меў неафіцыйны статус. Кубак складаўся з групавога этапу і плэй-оф, фінал якога вызначаў пераможцу. З 1967 года плэй-оф і фінал не праводзіўся, таму турнір не выяўляў аднаасобнага пераможца.
У 1994 годзе УЕФА вырашыў адрадзіць цікавасць да гэтага кубка, змяніўшы фармат турніру і ўзнагароду. Цяпер пераможцы (у першы розыгрыш двое, затым трое) атрымлівалі пуцёўку ў Кубак УЕФА. Шматлікія клубы Еўропы атрымалі дадатковы шанец паўдзельнічаць у Кубку УЕФА і проста набыць вопыт міжнародных сустрэч.
У якасці крытыкі турніру многія адзначаюць ранні старт сезона, наракаючы на тое, што каманду можа падвесці фізічная форма на фінішы ўнутранага чэмпіянату. Для некаторых расійскіх клубаў наступствам удзелу ў Кубку Інтэртота было расстанне з вышэйшым дывізіёнам па выніках чэмпіянату Расіі. Аднак, як паказала практыка, удзел у турніры шкодзіць не ўсім: часта яго пераможцы ў гэтым жа сезоне займалі прызавыя месцы свайго чэмпіянату і дасягалі высокіх стадый у Кубку УЕФА.
І ўсё ж з 2006 года УЕФА ў чарговы раз змяніў фармат турніру, паменшыўшы нагрузку на клубы. Гэты розыгрыш стаў наватарскім яшчэ і таму, што турнір набыў матэрыяльнае ўвасабленне сваёй назвы: УЕФА вырашыў ўзнагародзіць кубкам англійскі «Ньюкасл», які прайшоў далей за ўсіх у Кубку УЕФА з тых 11 каманд, якія трапілі туды дзякуючы поспеху ў Кубку Інтэртота.
У лістападзе 2007 года выканаўчы камітэт УЕФА прыняў рашэнне аб адмене розыгрышу Кубка Інтэртота, пачынаючы з 2009 года.