Крк — адзін з найбуйнейшых астравоў Харватыі і ўсяго Адрыятычнага мора. Аддзелены ад мацерыка вузкім пралівам (каля 1430 м), праз які ў 1980 г. быў пабудаваны мост. Сфарміраваны пераважна вапнякамі. Паўночныя берагі скалістыя. Паўднёвыя — спадзістыя, са шматлікімі пляжамі. Найвышэйшы пункт — 568 м. На цэнтральных і паўднёвых узгор’ях захаваліся рэшткі шыракалістых і хваёвых лясоў.
У ранняе Сярэднявечча ўваходзіў у склад Візантыі, што было падцверджана дагаворам 812 г. паміж візантыйскім і франкскім імператарамі. У гэты час на востраў перасяляліся славяне, якіх адціскалі авары. Відавочна, насельніцтва ў гэты час было змешаным, бо крыніцы сведчаць, што жыхары Крк размаўлялі на «стракатай мове». Акрамя харвацкай мовы, тут доўгі час карысталіся веглійскім дыялектам далмацкай мовы.
У XI ст. захоплены венецыянцамі. Яны перадалі ўладу над Крк мясцовай сям’і Дуджамаў, прадстаўнікі якой атрымалі тытул графаў Крк. Дуджамы выплачвалі Венецыі падаткі, аднак захоўвалі ўнутраную аўтаномію і вялі актыўную знешнюю палітыку. У XIII ст. яны захапілі таксама частку мацерыковага адрыятычнага ўзбярэжжа і фармальна падпарадкаваліся Венгрыі. У 1430 г. за іх сям’ёй замацавалася прозвішча Франкапанаў. Сцвярджалася, што яны маюць старажытнае рымскае паходжанне. Адгалінаванні Франкапанаў заставаліся дамінуючымі магнатамі Харватыі да сяр. XVII ст.
XIV — XVI стст. адзначаныя культурным росквітам Крк. Дзякуючы дзейнасці графаў, востраў наведвалі многія інтэлектуальныя дзеячы Харватыі. Тут доўгі час карысталіся глаголіцай.