«Кніга пасольская метрыкі Вялікага княства Літоўскага» («Книга Посольская Метрики Великого Княжества Литовского…») — выданне кніг-копій Метрыкі Вялікага Княства ЛІтоўскага дыпламатычнага зместу. Выдадзена ў Маскве ў 1843 г. у 2 тамах (на тытульных лістах нумарацыя тамоў не пазначана). Падрыхтавана паводле даручэння Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх М. А. Абаленскім, І. М. Даніловічам (Т. 1), М. П. Пагодзіным, Дз. М. Дубенскім (Т. 2). У 1-м томе апублікавана кніга Метрыкі, якая змяшчае дыпламатычную перапіску вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста з Крымскім ханствам, Асманскай імперыяй, Вялікім княствам Маскоўскім, Прусіяй, Валахіяй і іншымі за 1545—1572 гг. (усяго 195 дакументаў). У прадмове да тома выкладзена гісторыя Метрыкі ВКЛ і Кароннай Метрыкі, у дадатках змешчаны вопіс кніг Метрык, мірны дагавор Альгерда і Казіміра III 1366 г., факіміле старонкі апублікаванай пасольскай кнігі, табліца філіграней. У 2-м томе апублікавана кніга Метрыкі з дакументамі дыпламатычнага характару вялікага князя літоўскага і караля польскага Стафана Баторыя за 1576—1583 гг. (усяго 104 дакументы). У асноўным дакументы датычаць адносін Рэчы Паспалітай з Вялікім княствам Маскоўскім. Змешчаны таксама некаторыя больш раннія акты, факсіміле старонкі пасольскай кнігі, табліца філіграней.
Літаратура
- Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащика. — М.: Наука, 1973. — С. 44 — 47.
Спасылкі