У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Коэн.
Клод Коэн-Тануджы (фр.: Claude Cohen-Tannoudji; нар. 1 красавіка 1933 года, горад Канстанціна, Алжыр) — французскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1997) сумесна са Стывенам Чу і Уільямам Філіпсам «за стварэнне метадаў астуджэння і ўлоўлівання атамаў лазерным прамянём».
Біяграфія
Коэн-Тануджы паходзіць з яўрэйскай сям'і, якая жыла ў Алжыры з XVI стагоддзя (з 1870 года — падданыя Францыі). З 1953 па 1957 год вывучаў у Вышэйшай нармальнай школе спачатку матэматыку, затым фізіку, пасля таго, як наведаў лекцыі нобелеўскага лаўрэата Альфрэда Кастлера. У 1957 годзе ён атрымаў дыплом, пасля чаго праслужыў у войску 28 месяцаў . З 1960 года працаваў у дзяржаўным навуковым даследчым цэнтры Centre National de la Recherche Scientifique (CNRS). Пасля 1962 выкладаў на факультэце прыродазнаўчых навук ва ўніверсітэце Парыжа і пасля ва ўніверсітэце П'ера і Марыі Кюры. У 1973 годзе стаў прафесарам Калеж дэ Франс і членам праўлення Каледжа ядзернай і малекулярнай фізікі.
Дасягненні
Двухтомная манаграфія «Méchanique Quantique», якая выйшла ў 1977 годзе і напісаная Коэнам-Тануджы сумесна з Бернарам Дзью і Франкам Лалоэ, па сённяшні дзень з'яўляецца ўзорным падручнікам па квантавай механіцы.
Сумесна з амерыканцамі Стывенам Чу і Уільямам Філіпсам Коэн-Тануджы распрацаваў метад астуджэння атамаў пры распаўсюдзе пучка атамаў ўздоўж пераменнага магнітнага поля. Пры гэтым атамны пучок тармозіцца, і атамы ўлоўліваюцца ў пастку. Гэты метад прымяняецца пры канструяванні дакладных атамных гадзіннікаў, таксама яго ўжываюць пры дакладным пазіцыянаванні і ў касмічнай навігацыі.
У 1996 годзе быў узнагароджаны прэміяй Харві ў Хайфе (Ізраіль).
Зноскі
Спасылкі