Па матчынай лініі паходзіў са шляхты Полацкага павета. Прадзед Урублеўскі загінуў у паўстанні 1831 года, дзед у паўстанні 1863—1864 гадоў. Маці першыя гады жыцця правяла ў віленскай турме на Антокалі.
Бацька быў селянінам і валодаў шасцю дзесяцінамі зямлі, але асноўным заробкам Сцяпана Душэўскага і яго брата было будаўніцтва. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў бацьку з дзядзькам, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад наглядам бацькі складаў іх праекты[2].
Арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня1940 года. Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінавачвальнае заключэнне ў актыўнай падтрымцы нацыяналістычнай і контррэвалюцыйнай дзейнасці, а таксама сувязях з польскай разведкай. Прызнаў свой удзел у беларускім нацыянальным руху, аднак адмаўляў супрацоўніцтва з польскай разведкаю і антысавецкую дзейнасць. Праз пачатак вайны Душэўскага не паспелі асудзіць. Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.
Пры немцах працаваў на заводзе гумавых вырабаў «Інкарас» на пасадзе інжынера. У канцы 1941 года ў Вільні Клаўдзій Душэўскі сустракаўся з Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Мінска. Душэўскі не пагадзіўся, а восенню 1942 года зноў адмовіўся ад прапановы. У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер у Правянішках[pl][4]. Дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер вызвалены праз чатыры месяцы, пасля чаго працаваў у тарфяным трэсце да снежня 1944 года на пасадзе інжынера-будаўніка. Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю выхоўваў дваіх дзяцей-сірот Антона Луцкевіча[5].
У 1944—1946 гадах — дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры.
У снежні 1946 — маі 1947 пад следствам у Вільнюсе. «Праз недастатковасць сабраных доказаў для перадачы ў суд» яго справа была спынена, а ён сам вызвалены з-пад варты. Вызваленню садзейнічала заступніцтва прафесараў Жэмайціса і Іонімаса, якія ахарактарызавалі Душэўскага як «савецкага чалавека». Пасля вызвалення працаваў галоўным інжынерам праектаў Інстытута праектавання пры Савеце Міністраў Літоўскай ССР.
Зноў арыштаваны ў лютым 1952 года. Асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст з адбыццём пакарання ў выпраўленча-працоўных лагерах з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем правоў тэрмінам на пяць гадоў. У 1954 тэрмін зняволення быў скарочаны да дзесяці гадоў, а 16 красавіка1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.
На просьбу яўрэйскай супольнасці ў Літве, за ратаванне яўрэяў падчас II сусветнай вайны Клаўдзій і Алена Дуж-Душэўскія 13 красавіка 2004 года атрымалі ўзнагароду прэзідэнта Літвы.[6][7]
Творчасць
На падставе гістарычных сведчанняў і колераў народных строяў і арнаментаў стварыў у свой час эскіз сцяга БНР. У снежні 1917 года ў Мінску падчас Усебеларускага з’езду бела-чырвона-белы сцяг ужо шанаваўся як нацыянальны сімвал Беларусі.
↑Томаш Блашчак. Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918—1940) пераклад з польскай мовы Андрэя Вашкевіча. — Смаленск, Інбелкульт, 2022. — С. 126. ISBN 978-5-00076-059-8
Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 1998. — Т. 6. — С. 269—270.
Луцкевіч Л. Барацьбіт і будаўнік / Л. Луцкевіч // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 3 мая. — С. 13.
Луцкевіч Л. Заслужыў пашану нашчадкаў / Л. Луцкевіч // Голас Радзімы. — 1991. — 2 мая. — 18. — С. 4-5.
Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак.
Рудовіч С. Палітык, асветнік, дойлід / С. Рудовіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. Сачанка і інш. — Мн., 1995. — С. 126—129.