У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Брэн.
Келясцін Іванавіч Брэн (руск.: Келестин Иванович Бренн, польск.: Celestyn Bren; 1802, Брэстчына — 17 (29) сакавіка 1875) — уніяцкі, з 1839 праваслаўны святар, беларускі краязнавец, этнограф, фалькларыст.
Біяграфія
З сям’і чыншавых дзяржаўных сялян. Як год нараджэння ў розных працах называюцца таксама 1799 і 1800[1].
Скончыў Брэсцкае шасцікласнае вучылішча, дзе пасля два гады працаваў выхавацелем. У канцы 1820-х г. вучыўся і працаваў пісьмаводам у Жыровіцкай духоўнай семінарыі[1], якую скончыў у 1831 годзе[2].
З 1831 святар, атрымаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кобрыне, намеснік дэкана, з 14.10.1838 настаяцель царквы Св. Мікалая[pl] ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губерні, з 30 красавіка 1839 года праваслаўны. Пасля прыняцця праваслаўя сустрэў варожыя адносіны да сябе з боку мясцовага насельніцтва і быў вымушаны перамяшчацца пад аховай тысяцкага. З 1869 года на спакоі[1].
Пахаваны пры царкве ў Старым Корніне[1].
Навуковая дзейнасць
На заклік Рускага геаграфічнага таварыства і на падставе яго анкеты напісаў этналагічную працу «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета, уваходзячага ў склад Гродзенскай губерні…» (1857), у якой адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларускага насельніцтва на тэрыторыі Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (14 вясельных), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гаспадарчых пабудоў і іх планы. Часта беларусаў параўноўвае з палякамі (мазурамі). Рукапіс у архіве Геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу[1][2].
Фальклорныя запісы Брэна ўвайшлі ў кнігі серыі «Беларуская народная творчасць»: «Вяселле. Песні» (кн. 2, 1981; кн. 4—6, 1985—88), «Гульні, забавы, ігрышчы» (2003)[2].
Узнагароды
Узнагароды: скуфія, камілаўка, набедранік, наперсны крыж[1].
Працы
- Бренн Келестин, священник. Из путевых заметок старого священника // Литовские епархиальные ведомости. 1864. № 24. С. 951—958.
- Вяселле ў Бельскім павеце. (На падставе рукапісу К. І. Брэна з 1853 г., апрацаваў Мікалай Лобач) // Беларускі каляндар 1982. Беласток, 1982. С. 163—174.
Зноскі
Літаратура
- Брэн Келясцін Іванавіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — 544 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0570-6.
- Литовские епархиальные ведомости. 1870. № 3. С. 90.
- Литовские епархиальные ведомости. 1875. С. 152, 184. (Некралог).
- Бренн Ярослав, свящ. Особенности религиозного быта крестьян Бельского уезда, Гродненской губернии // Литовские епархиальные ведомости. 1887. № 1—2. С. 4. (Пра К.Брэна).
- Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХІХ ст. Мінск: Навука і тэхніка, 1964. С. 38.
- Лобач М. Келясцін Брэн. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павету свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў ХІХ ст. // Беларускі каляндар 1986. Беласток, 1986. С. 69—90.
- Лобач Мікола. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў ХІХ стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa: PWN, 1988. С. 345—376.
- Лобач М. С. Брэн Келясцін Іванавіч // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: БелСЭ, 1989. С. 90.
- Matus Irena. Celestyn Bren — duchowny i etnograf // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 27. Białystok, 2007. S. 175—179, portret.
- Sosna Grzegorz o., Troc-Sosna Antonina m. Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX—XXI wieku. Ryboły, 2012. S. 138.
Спасылкі