Каўказская Краёвая Беларуская Рада

Каўказская Краёвая Беларуская Рада (ККБР) — грамадска-палітычная арганізацыя беларусаў у Тыфлісе, якая існавала ў 1917—1918 гадах.

Пытання аб часе стварэння ККБР застаецца адкрытым, паколькі ў прыходна-расходнай кнізе Рады адлік часу яе існавання вядзецца з 6 снежня 1917 г., калі паступілі сяброўскія складкі, а ўжо 12 снежня таго ж года прадстаўнікі ККБР накіравалі тэлеграму ў Мінск у «Цэнтральную Беларускую Раду» (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе Вялікая беларуская рада)[1].

Першая згадка пра гэту арганізацыю была змешчана ў справаздачы аб дзейнасці Закаўказскага Рускага нацыянальнага камітэта за 1918 г. У ёй падкрэслівалася, што да лістападу 1917 г. у Тыфлісе функцыянаваў целы шэраг нацыянальных арганізацый: Армянскі, Грузінскі, Асецінскі, Мусульманскі нацыянальныя саветы, Украінская Рада, Латышская і Асірыйская нацыянальныя арганізацыі, а таксама Беларуская Рада, якія былі афіцыйна прызнаны Закаўказскім камісарыятам, і адкрыта і афіцыйна выступалі ў абарону інтарэсаў прадстаўленых нацыянальнасцей[1].

Старшынёй ККБР да 31 мая 1918 года з’яўляўся І. І. Веразубоў, вайсковы інжынер па Міхайлаўскай крэпасці, сакратарамі былі выбраны былы начальнік Шахтахцінскага паштова-тэлеграфнага аддзялення Эрыванскай губерні К. Н. Савельяў і І. І. (Янка) Натусевіч. Савельяў знаходзіўся на гэтай пасадзе да 29 кастрычніка 1918 г., калі напісаў заяву з просьбай «сложения полномочий» па прычыне яго ад’езда ў Добраахвотніцкую армію. Казначэем Рады быў Ігнат Іванавіч Аўрамчык, які да 1917 г. працаваў на пасадзе справавода Канцылярыі папячыцеля Каўказскай навучальнай акругі, а таксама з’яўляўся старшынёй Тыфліскага Русскага клуба[1].

Справаводства арганізацыі вялося на рускай мове. Рада мела ўласныя штэмпель і пячатку[1].

Аб Беларускай Радзе ўзгадвалася таксама ў даследаванні Ю. Васілеўскага і А. Сёмухі «Літаратурны акалот: Антон Беларусаў-Скалка», у якім аўтары выказалі згадку, што тыфліская Рада магла прафінансаваць выданне кнігі А. М. Супраўшчанскага Курылы «Очэрк і дума аб Беларусі» (Тыфліс: Выданьне друкарні Закаўказскіх чыгунак, 1918. 43 с.). Бібліяграфічныя звесткі пра гэта выданне былі змешчаны ў першым томе зборніка «Магілёўшчына». Нягледзячы на то, што выданне было надрукавана вялікім тыражом (3000 адзінак) выявіць яго асобнік у бібліятэках пакуль не атрымалася[1].

У мясцовай тыфліскай газеце «Кавказское слово» ад 6 студзеня 1918 г. была змешчана аб’ява аб правядзенні Радай агульнага сходу ў будынку вучылішча па адрасе: вул. Мікалаеўская, д. 105. (сучасная назва — вул. І. Джавахішвілі[ru]). Тэкст аб’явы заканчваўся чатырохрадкоўем, сугучным з вершам Янкі Купалы «Свайму народу» (1918 г.)[1]:

"

«Гей! Проснися беларусе:
Усе людцы пауставали.
Гей! Праснися беларусе, —
Усе праудачку пазнали!»

"

Такія кароткія аб’явы (аб правядзенні агульных сходаў) публікаваліся ў «Кавказском слове» на працягу ўсяго 1918 года. У Тыфлісе існавала працоўнае гандлёва-прамысловае таварыства «Белая Русь» і Тыфліскага гуртка Беларускай грамады, якія цесна кантактавалі з Беларускай Радай. Усе арганізацыі размяшчаліся ў адным будынку Ладзінскага гарадскога прыватнага пачатковага вучылішча[1].

Галоўныя кірункі грамадска-палітычнай дзейнасці былі акрэслены на пасяджэнні ККБР 9 красавіка 1918 г., калі былі ўтвораны юрыдычная, працоўная, фінансавая, навукова-мастацкая і эвакуацыйная секцыі. Праца юрыдычнай секцыі была накіравана на аказанне кваліфікаванай прававой дапамогі беларусам на Каўказе, працоўная секцыя прыкладвала намаганні для пошуку і працаўладкавання ўраджэнцаў Беларусі ў Грузіі. Мэта навукова-мастацкай секцыі была распісана ў чарнавіку закліка «Призыв к беларусам», падрыхтаванага да друку ў адным з нумароў газеты «Кавказское слово»[1]:

" У беларусаў ёсць сваё народнае мастацтва, поўнае прыгажосці, ёсць свая гісторыя поўная павучальнасці. Секцыя з любоўю будзе збіраць у агульную скарбніцу чалавечую кожную іскру душы народнай. Беларусам патрэбна грамата, патрэбныя веды, каб займаць ганаровае месца ў чалавечай сям'і. Пра нешта падобнае будзе клапаціцца гэта секцыя.

"

10 лістапада 1918 г. у зале музычнай кансерваторыі Каўказская Краёвая Беларуская Рада арганізавала для беларускіх жыхароў Тыфліса лекцыю на тэму «Беларускае пытанне», якую прачытаў вядомы расійскі гісторык-славіст і этнограф Ф. Ф. Арыстаў (1888—1932), які выкладаў у Тыфліскім дзяржаўным універсітэце[1].

Адным з галоўных кірункаў дзейнасці ККБР была арганізацыя эвакуацыі беларускага насельніцтва з Каўказа ў напрамку Беларусі па маршруце: Тыфліс-Батумі-Поці, потым марскім шляхам да Адэсы, а адтуль сухапутным транспартам на поўнач. Супрацоўнікамі секцыі былі падрыхтаваны адпаведныя спісы, пажадаўшых вярнуцца на Радзіму. З дакладу членаў ККБР У. А. Зелянькова і М. Е. Барысава аб колькасці і становішчы беларусаў на Каўказе вынікала, што па прыватных звестках у рэгіёне ў 1918 г. знаходзілася звыш 80 тысяч беларусаў, частка якіх займала да гэтага часу дзяржаўныя і прыватныя пасады, частка ўсталявалася на сталае жыццё пасля заканчэння ваеннай службы, а большую частку складаюць перасяленцы, якія перасяліліся на Каўказ у перыяд часу 1906—1914 гг. і надзелены зямельнымі ўчасткамі. Дакладна не вядома колькі людзей скарысталіся дапамогай Беларускай Рады і выехалі дадому[1].

Нявысветленай застаецца таксама дата спынення дзейнасці Рады. Апошні запіс у прыходна-расходнай кнізе ККБР прастаўлены 25 снежня 1918 года. Не выключана, што гэтыя арганізацыі маглі праіснаваць і ў наступным 1919 г., аднак дакументаў, якія пацвярджаюць гэта, пакуль не выяўлена[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к Андрэй Мікалаевіч Максімчык Грамадска-палітычная актыўнасць беларускага насельніцтва на Каўказе ў 1917—1918 гг.. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2017. — ISBN 978-985-553-529-5.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!