Катастрофа Embraer E190 у аэрапорце Актау — авіякатастрофа, якая здарылася раніцай 25 снежня 2024 года з самалётам Embraer E190 «Азербайджанскіх авіяліній» (пасажырскі рэйс № 8243 па маршруце Баку — Грозны)[3], што ўпаў побач з узлётна-пасадачнай паласой аэрапорта горада Актау і загарэўся. На борце знаходзілася 67 чалавек[4][5] (62 пасажыры і 5 членаў экіпажа), з іх выжыла 28[6].
Самалёт
Пацярпелым самалётам быў Embraer ERJ-190AR (бартавы нумар 4K-AZ65)[7]. Быў пабудаваны ў 2013 годзе, і ў ліпені 2013 года быў перададзены ў Азербайджанскія авіялініі[8]. Самалёт быў абсталяваны двума турбавентылятарнымі рухавікамі General Electric CF34-10E[7].
Экіпаж і пасажыры
Azerbaijan Airlines апублікаваў спіс з 62 пасажыраў, якія знаходзіліся на борце самалёта[9][10] (пазней іх колькасць узрасла на 2[11]), з іх 16 былі грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, 42 — грамадзянамі Азербайджана, 6 — грамадзянамі Казахстана, 3 — грамадзянамі Кыргызстана[12].
Ход падзей
25 снежня 2024 года ў 03:55 па UTC самалёт вылецеў з міжнароднага аэрапорта Гейдара Аліева ў Баку і накіраваўся ў аэрапорт Грознага[7].
Абстаноўка ў раёне Грознага ў гэты час была вельмі складанай. У раёне аэрапорта аб’яўляўся план «Ковер» з-за нападаў украінскіх беспілотных лятальных апаратаў[13].
Камандзір самалёта двойчы спрабаваў пасадзіць яго ў Грозным. Паведамлялася, што самалёт перанакіроўвалі ў Махачкалу[14]. У 06:07 па UTC, знаходзячыся над Каспійскім морам[15], экіпаж самалёта падаў сігнал 7700 (надзвычайная сітуацыя)[7][16], пасля чаго камандзір прыняў рашэнне сысці на запасны аэрапорт у Актау[14]. Аварыйная пасадка выконвалася ў рэжыме direct mode пасля адмовы сістэмы кіравання[17]. Самалёт зрабіў два заходы над аэрапортам горада Актау[18]. У 6:28 па UTC, знаходзячыся на нізкай вышыні з апушчаным носам, самалёт сутыкнуўся з зямлёй побач узлётна-пасадачнай паласы аэрапорта[7] і загарэўся. На месцы катастрофы былі задзейнічаны 150 ратавальнікаў і 45 адзінак тэхнікі[19].
Расследаванне
Па факце крушэння Embraer E190 пад Актау, Генпракуратура Азербайджана завяла крымінальныя справы па артыкулах 262.3 (парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб) і 314.3 (халатнасць), праваахоўныя органы Казахстана завялі крымінальную справу па артыкуле 345 (парушэнне правілаў бяспекі пры эксплуатацыі транспартнага сродку, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб), а Следчы камітэт Расійскай Федэрацыі завёў крымінальную справу па артыкуле 263 КК (парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту)[20].
Сярод версій крушэння — абстрэл сродкамі СПА (прабоіны ў корпусе, пашкоджанні рухавіка, прыкметныя на відэаздымцы з салона незадоўга да падзення)[21], сутыкненне з птушкамі, выбух кіслароднага балона на борце самалёта або тэхнічная няспраўнасці[22].
Паводле азербайджанскіх урадавых крыніц, прычынай стаў абстрэл ракетай «зямля-паветра», выпушчанай ЗРГК «Панцыр-С» УС Расіі, які адбіваў у гэты дзень атакі ўкраінскіх БПЛА на аэрапорт Грозны[23][24][25].
Рэакцыя
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч[26], прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф[27], прэзідэнт Кыргызстана Садыр Джапараў[28], прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін[29], прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган[30], прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка[31], а таксама пасольствы ЗША, Вялікабрытаніі[32] і Францыі[33], МЗС Грузіі[34] і Румыніі[35] выказалі свае спачуванні Азербайджану ў сувязі з авіякатастрофай.
У сувязі з авіякатастрофай, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 25 снежня перапыніў свой візіт у Расію[36]. 26 снежня абвешчана ў Азербайджане днём жалобы. Ільхам Аліеў заявіў, што ўлады Азербайджана 27 снежня перадалі расійскаму боку патрабаванні аб прызнанні віны за катастрофу самалёта, пакаранні вінаватых і выплаце кампенсацый[37]. Ен раскрытыкаваў Маскву за спробы «замяць» інцыдэнт і паведаміў, што быў «засмучаны і здзіўлены» версіямі падзей, якія прапанавалі расійскія афіцыйныя асобы[38].
Уладзімір Пуцін адразу заявіў, што да месца катастрофы накіраваны самалёт МНС РФ з медперсаналам і абсталяваннем для аказання дапамогі[39]. 28 снежня па ініцыятыве расійскага боку адбылася тэлефонная размова Уладзіміра Пуціна з Ільхамам Аліевым. Пуцін прынёс свае прабачэнні ў сувязі з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расіі[40].
Расійскія так званыя «Z—блогеры» і асобныя тэлеграм-каналы (Аляксандр Коц, «Рыбарь», «Два майора», «ВЧК-ОГПУ» і іншыя) выбухнулі незадаволенасцю і абразамі ў адрас прэзідэнта Аліева і Азербайджана, абвяргаючы абвінавачванні. Яны нагадваюць пра падобныя інцыдэнты ў Сірыі[ru], Карабаху і гібелі расійскіх міратворцаў[ru], а таксама робяць акцэнт на віну атакі беспілотнікаў Узброеных сіл Украіны[41][42][43].
На фоне катастрофы і рэакцыі на яе афіцыйных прадстаўнікоў Расіі, а таксама ўзмацненне міграцыйнай палітыкі Расіі (пытанне працягласці бязвізавага знаходжання замежнікаў на тэрыторыі краіны), Міністэрства замежных спраў Азербайджана зрабіла больш жорсткімі міграцыйныя правілы для грамадзян Расіі і асоб без грамадзянства, якія стала пражываюць у Расіі (90 дзён на год пасля ўезду)[44].
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 29 снежня 2024 года ўзнагародзіў экіпаж самалёта. Загінуўшым пілотам Ігару Кшнякіну і Аляксандру Кальянінаву, а таксама бортправадніцы Хакуме Аліевай пасмяротна прысвоены званні Нацыянальных Герояў Азербайджана. Бортправаднікі Зульфугар Асадаў і Айдан Рагімлі ўзнагароджаны ордэнамі «Рашадат» 1-й ступені[45].
Крыніцы