Катастрофа Boeing 737 ля Джакарты (2021) — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 9 студзеня 2021 года. Авіялайнер Boeing 737-524 авіякампаніі Sriwijaya Air выконваў планавы ўнутраны рэйс SJ182 па маршруце Джакарта—Панціанак, але праз 4 хвіліны пасля ўзлёту ўвайшоў у крутое пікіраванне і знік з радараў над Яванскім морам[1].
Самалёт
Boeing 737-524 з завадскім нумарам 27323 і серыйным 2616 быў выпушчаны на заводзе кампаніі «Boeing» у Рэнтане і 13 мая 1994 здзейсніў свой першы палёт. 31 мая таго ж года быў перададзены амерыканскай авіякампаніі Continental Airlines пад бартавым нумарам N27610. 1 кастрычніка 2010 года перайшоў у United Airlines, б/н застаўся без змен. 9 красавіка 2012 года быў набыты інданезійскай авіякампаніяй Sriwijaya Air і яго бартавы нумар змяніўся на PK-CLC. Быў абсталяваны двума турбавентылятарнымі рухавікамі CFM International CFM56-3C1[2]. На момант катастрофы канфігурацыя самалёта была C8Y112 (8 месцаў у бізнес-класе, 112 у эканамічным).
Пасажыры і экіпаж
На борце знаходзіліся 62 чалавекі, 50 з якіх былі пасажырамі, 12 — членамі экіпажа. Усе яны з’яўляліся грамадзянамі Інданэзіі. Сярод пасажыраў быў Мулядзі Тамсір, палітык з Партыі народнага сумлення[3][4]. Актыўны экіпаж складаўся з капітана Афвана (былога пілота ваенна-паветраных сіл Інданезіі[5]), першага афіцэра Дыега Мамахіта і чатырох бортправаднікоў[6].
Катастрофа
У 06:37 па UTC рэйс SJ-182 з’явіўся на радарах і каля гадзіны знаходзіўся на УПП міжнароднага аэрапорта Сукарна-Хатыла ў Джакарце. У 07:35 лайнер разагнаўся па паласе, узяў курс на Панціанак і пачаў набіраць вышыню. Праз 5 хвілін пасля вылету, на вышыні 3 300 м і пры хуткасці 532 км/г нармальны палёт борта спыніўся, самалёт пачаў хутка губляць вышыню. Па даных інтэрнэт-партала Flightradar24, апошнімі зафіксаванымі сістэмай ADS-B параметрамі палёту былі: вышыня — 250 футаў (76 метраў), хуткасць — 358 вузлоў (663 км/г)[1][7]. Пасля гэтага самалёт знік з экранаў радараў, а сувязь з ім перарвалася. Відавочцы чулі два выбухі падчас катастрофы[8].
Пошукава-выратавальная аперацыя
Улады Інданезіі разгарнулі пошукава-выратавальную аперацыю. Знойдзены абломкі і часткі загінулых людзей[9]. На глыбіні 23 метры былі знойдзены абломкі самалёта і фрагменты целаў, а таксама чорныя скрыні[10][11]. Параметрычны самапісец быў выняты з дна падводнымі плывунамі ВМС Інданезіі 12 студзеня ў 09:00 UTC. Па даных на 12 студзеня, было вынята 26 частак самалёта; па меншай меры, 4 загінулых былі ідэнтыфікаваныя, уключаючы другога пілота рэйса 182[12]. Кампаненты маўленчага самапісцы і яго маячок былі выяўлены 15 студзеня, аднак модуля памяці самапісца на гэтым месцы не аказалася і нырцы працягвалі яго пошукі[13]. Адначасова National Transportation Safety Committee (NTSC) паведаміў, што даныя былі паспяхова выняты з параметрычнага самапісца. 330 параметраў былі даследаваны дазнавальнікамі[14]. Reuters паведамляў, што былі выняты карэктныя даныя пра шлях, хуткасць і стане рухавікоў[15][16].
Гл. таксама
Зноскі
Спасылкі