Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар дамініканцаў — колішні рымска-каталіцкікляштарны комплекс у Віцебску. Дзейнічаў у XVII — першай палове XIX стст. Займаў пляц плошчай 4950 м²[1] на левым беразе Дзвіны пры ўпадзенні ў яе ручая.
Комплекс складаўся з мураванага касцёла, драўлянага аднапавярховага кляштарнага корпуса на мураваным падмурку і шэрагу гаспадарчых збудаванняў[2].
Віцебскі дамініканскі кляштар заснаваў падкаморы Адам Кісель (з Брусілава) у 1682 годзе (магчыма, раней — у 1642[2]). У 1771 годзе (паводле іншых звестак — у 1731[1]) пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, якое завяршылася толькі ў XIX ст. у значна спрошчаным варыянце (вынікае з абмерных чарцяжоў, зробленых у час закрыцця кляштару)[3]. У 1811 годзе каля касцёла збудавалі новы кляштарны корпус[1].
Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1832 годзе расійскія ўлады ліквідавалі кляштар. Таго ж года будынак касцёла перадалі Віцебскаму гарнізоннаму батальёна[3]. У наш час кляштарныя збудаванні не існуюць (магчыма, захаваліся падмуркі).
Апроч драўлянага кляштарнага корпуса, у склад комплексу ўваходзілі будынкі флігеля (7 жылых і 1 нежылое памяшканне), лядоўні, свірана, бровара, стайні, пуні[1] і кузні[2] (агульная плошча 4950 м²). Пры кляштары меўся агарод (1531 м²)[1].
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси (руск.) / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. — ISBN 5-89826-093-5.