Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм, помнік архітэктуры неабарока[1][2]. Знаходзіцца ў вёсцы Параф’янава (Докшыцкі раён, Віцебская вобласць).
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння[1].
У публікацыях савецкага і постсавецкага перыяду часам памылкова называецца імем «Касцёл Яна Хрысціцеля». Пад гэтым імем ён згадваецца ў Дзяржаўным спісе каштоўнасцяў і шэрагу іншых крыніц[1][2] Аднак з моманту кансэкрацыі касцёла ў 1675 годзе і да сённяшняга часу святыня мае тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі[3].
Гісторыя
У 1624 годзе віленскі архідыякан Мельхіёр Гэльяшэвіч збудаваў у Параф'янаве драўляны касцёл[4]. Вядомая выява гэтай святыні на гравюры 1650 года. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай ў сярэдзіне XVII стагоддзя святыня была спалена, і адбудаваная наноў і кансэкраваная віленскім архідыяканам біскупам Мікалаем Слупскім 8 верасня 1675 года. Касцёлу быў нададзены тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі[3].
У 1899-1904 гадах быў пабудаваны мураваны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Праект святыні стварыў архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Касцёл быў асвечаны 20 лістапада 1904 года ксяндзом Янам Курчэўскім[5].
У 1962 г. касцёл у в. Параф’янава быў закрыты і прыстасаваны пад склад. Восенню 1989 г. вернуты каталіцкай парафіі, а 2 лютага 1990 года там была адслужаная першая пасля вяртання святыні Імша[4].
Архітэктура
Гэты помнік архітэктуры псеўдабарока яшчэ больш выразна імітуе пашыраную ў часы барока 2-вежавую базіліку з трансептам. Выцягнуты прэсбітэрый з паўкруглым завяршэннем абкружаны абхадным хорам. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з 3-вугольнымі франтонамі на тарцах. Галоўны фасад вырашаны як 2-ярусны аб’ём-нартэкс, па баках якога ўзвышаюцца чацверыковыя вежы са складанай кампазіцыяй завяршэнняў. Сцены цалкам змураваны з цэглы і атынкаваны. Фасады ажыўляе багатая ордарная пластыка: прафіляваныя карнізы, пілястры, вялікія і разнастайныя па форме праёмы. Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі. Слупы і сцены расчлянёны падвойнымі пілястрамі і ўпрыгожаны арнаментальным роспісам і гіпсавымі барэльефамі на тэму «Крыжовы шлях Хрыста», выкананымі ў 1927 г.
-
Бакавы фасад
-
Касцёл з боку апсіды
-
Галоўныя алтар
-
Бакавы алтар
-
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі