Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў — колішні каталіцкі культавы комплекс у гарадскім пасёлку Глуску. Сёння на месцы касцёла месціцца гарадскі стадыён.
Гісторыя
Аляксандр Палубінскі ў 1662 годзе фундаваў сродкі на будаўніцтва драўлянага касцёла святога Антонія кляштара бернардзінцаў.
У 1667 годзе сойм пацвердзіў выдзяленне Аляксандрам Палубінскім «месца на касцёл, кляштар і сад» айцам бернардзінцам у Глуску-Дубровіцкім. У тым жа годзе быў пабудаваны новы мураваны касцёл (Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі). З 1744 года тут дзейнічае Глуская парафія (у Бабруйскім дэканаце). З 1781 года створана парафіяльная школа (у 1790 годзе было 15 вучняў).
У 1832 годзе пасля паўстання 1830 года кляштар бернардзінцаў быў скасаваны, а касцёл стаў парафіяльным.
У 1935 годзе касцёл быў забраны ў вернікаў. Былы касцёл ператварыўся ў склад стружкавай арцелі, дзе неўзабаве адбыўся пажар. Падчас Другой сусветнай вайны немцы ў былым касцёле зрабілі склад боепрыпасаў, а пры адступленні ў 1944 годзе склад узарвалі. У выніку выбухаў абрынуліся купал і скляпенні над алтарнай часткай. Пазней парэшткі касцёла былі ўтылізаваны на будматэрыялы.
З 1996 года некалькі сезонаў археалагічныя даследаванні сістэматычна праводзіліся пад кіраўніцтвам І. Ганецкай[1].
Зноскі
Спасылкі