Карын Ларсан (дзявочае прозвішча Бергё — Bergöö) нарадзілася ў Эрэбру і вырасла ў Хальсбергу, дзе яе бацька, Адольф Бергё, быў паспяховым прадпрымальнікам. Яе малодшая сястра Стына выйшла замуж за брытанскага геолага Фрэнсіса Артура Батэра.
Карын з дзяцінства праявіла мастацкія таленты, спачатку вучылася ў Franska skolan у Стакгольме, затым у Slöjdskolan (цяпер універсітэцкі каледж Констфак), а ў перыяд 1877—1882 гадоў — у Каралеўскай акадэміі свабодных мастацтваў. Па заканчэнні акадэміі яна з’ехала ў калонію скандынаўскіх мастакоў у Грэ-сюр-Луэн недалёка ад Парыжа.
У Грэ-сюр-Луэн яна пазнаёмілася са шведскім мастаком Карлам Ларсанам. У 1883 годзе яны разам вярнуліся ў Стакгольм, дзе пажаніліся. Пасля нараджэння ў 1884 годзе першага дзіцяці, дачкі Сюзаны, яны паехалі ў Грэ-сюр-Луэн, а ў 1885 годзе зноў вярнуліся ў Швецыю.
У 1888 годзе па прапанове шведскага калекцыянера Понтуса Фюрстэнберга, які пажадаў набыць вялікую карціну Карла у сваю калекцыю, Ларсаны зноў год пражылі ў Парыжы.
Карын падтрымлівала працу Карла, была яго асноўным крытыкам і мадэллю. Маючы вялікі дом і восем дзяцей, яна накіравала свае намаганні на дызайнерскую дзейнасць: яна ткала, вышывала, прыдумляла мадэлі адзення для сябе і дзяцей і нават праектавала мэблю. Яна стварыла свой непаўторны шведскі стыль з яркімі кветкамі, з вышытымі стылізаванымі малюнкамі раслін, уносіла японскія матывы.
У 2018 годзе выстаўка Carl Larsson and His Home: Art of the Swedish Lifestyle ў Японіі паказала тэкстыль аўтарства Карын і карціны, намаляваныя Карлам.
Зноскі
↑ абв18591003 Larsson f. Bergöö, Karin // Sveriges dödbok Праверана 24 красавіка 2018.