Карлава плошча (чэшск.: Karlovo náměstí) — плошча ў Празе, самая буйная плошча Чэшскай рэспублікі, адна з самых буйных у Еўропе (80 550 м²), адміністрацыйна належыць да раёна Прагі 2.
Плошча названа ў гонар караля Карла IV, падчас кіравання якога ўласна і была заснавана і добраўпарадкавана.
Агульнае апісанне
Карлава плошча размешчана на поўдзень ад гістарычнага цэнтра горада ў гістарычным Новым Горадзе (адначасова гэта сучасны кадастравы раён), адміністрацыйна ж належыць да раёна Прага-2.
Плошча ўяўляе сабой прамавугольнік з памерамі прыкладна 130 х 510 м, прычым большую частку прасторы займае сквер у цэнтральнай частцы плошчы.
Большасць будынкаў на поўдні і ўсходзе плошчы складаюць карпусы Агульнай бальніцы, у прыватнасці аддзяленне ўнутраных хвароб. Па цэнтры плошчу перасякае Ячна вуліца (чэшск.: Ječná ulicí, «Ячменная вуліца»). На захадзе і па Ячнай ходзіць трамвай.
Гісторыя
Карлава плошча ўзнікла падчас кіравання караля Карла IV у сярэдзіне ХIV стагоддзя пры фарміраванні Нове Места і планавалася як адзін з гарадскіх грамадскіх асяродкаў.
Доўгі час плошча называлася Добітчы трг (чэшск.: Dobytčí trh, «Скотны рынак»), бо тут гандлявалі скацінай.
Да 1789 года ў цэнтры Карлавай плошчы стаяў гатычны будынак капэлы Цела Хрыстова (чэшск.: Kaple božího těla).
Сучасную назву плошча атрымала падчас уздыму чэшскага нацыянальнага руху — у год «Вясны народаў» (1848).
У 1860-х гадах у цэнтры Карлавай плошчы разбіты вялікі сквер.