У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Рагоўскі.
Казімір Рагоўскі |
---|
польск.: Kazimierz Rogowski |
Дата нараджэння |
9 чэрвеня 1728(1728-06-09) |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці |
15 чэрвеня 1810(1810-06-15) (82 гады) |
Месца смерці |
|
Род дзейнасці |
навуковец |
Навуковая сфера |
тэалогія, філасофія |
Месца працы |
|
Навуковая ступень |
доктар філасофіі і вольных навук, доктар тэалогіі |
Навуковае званне |
прафесар |
Альма-матар |
|
Казімір Рагоўскі (польск.: Kazimierz Rogowski; 9 чэрвеня 1728, Беларусь — 15 чэрвеня 1810, Вільня[1]) — езуіцкі тэолаг, філосаф, пісьменнік, педагог.
Біяграфія
Скончыўшы езуіцкія школы ў Слоніме, 13 жніўня 1745 г. уступіў у Вільні ў Таварыства Ісуса. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце (1745—1747) асвойваў педагагічнае майстэрства пад кіраўніцтвам прафесара Ігнація Петрыцыя ў Слуцку (1747—1748). Вывучаў філасофію ў Навагрудку (1748—1751), а пасля сканчэння гэтага курса выкладаў у мясцовым калегіуме ў гімназічных класах (1751—1756). Тэалогію вывучаў у Полацкім езуіцкім калегіуме (1756—1759) і Віленскай акадэміі (1759—1760), дзе на добрым узроўні авалодаў грэчаскай мовай і ў 1759 г. быў высвечаны на ксяндза.
У 1760—1761 гг. выкладаў у Слоніме. У 1761—1763 гг. — прафесар паэтыкі і моў у Віленскай акадэміі. У верасні 1762 г. выступіў з урачыстай прамовай з нагоды пачатку новага навучальнага года ў віленскай альма-матэр (Oratio… adversus iniquas studiosorum juvenum querelas et postulations (Вільня, 1762)). У 1762 г. атрымаў у акадэміі ступень доктара філасофіі і вольных навук. Прафесар філасофіі для свецкіх студэнтаў у Крожах (1763—1764).
Дзякуючы свайму багатаму педагагічнаму вопыту быў прызначаны прафесарам рыторыкі настаўніцкай семінарыі для семінарыстаў-езуітаў у Вільні пры касцёле Св. Ігнація (1765—1768). Прафесар філасофіі (1768—1770), прафесар маральнай тэалогіі і грэчаскай мовы, а таксама асістэнт тэалагічнага факультэта (1770—1773) Віленскай акадэміі. У 1772 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі.
Пасля скасавання Таварыства Ісуса папам Кліментам XIV (1773) застаўся ў Віленскай акадэміі як прафесар філасофіі, а потым красамоўства, лацінскай і грэчаскай. У 1781 г. на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця навучальнага года выступіў з прамовай, у якой патлумачыў значэнне валодання гэтымі мовамі. Даваў прыватныя лекцыі для менш паспяховых студэнтаў. У 1783 г. звольнены з пасады з атрыманнем пенсіі ў памеры 800 злотых на год. У 1798 г. быў запрошаны аднавіць выкладчыцкую кар’еру, гэтым разам на пасадзе прафесара грэчаскай мовы (да 1804 г.)[2].
Творчасць
Апрача значнай колькасці прамоў на адкрыццё і заканчэнне навучальнага года апублікаваў шэраг панегірычных твораў: Żal powszechny abo Threny żałobne po śmierci Michała Sapiehy, Podkanclerzego, podczas aktu solennego pogrzebu, imieniem Rezydencji Słonimskiej SJ (Вільня, 1761); Oratio sub auspiciis magni nominis Rever. Caroli Karp, canonici (Вільня, 1762). Выдаў тэзісы па філасофіі[1] і падручнік рыторыкі Gnomae orationis gemmae sive sententiae variae variis ex authoribus sacris et profanis… collectae (Вільня, 1792), які змяшчаў лацінскія і грэчаскія выказванні[3].
Зноскі
- ↑ а б Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie — Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 130.
- ↑ Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie — Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 130—131.
Літаратура
- Асветнікі зямлі Беларускай: X — пачатак XX ст. Энцыклапедычны даведнік / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў і[інш.]; мастак У. М. Жук. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. — С. 339. — 496 с. : іл.
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków: Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
- Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie — Wydawnictwo WAM, 2017. — 188 s.
Спасылкі