Казармы — будынкі пачатку XX стагоддзя ў Клецку, размешчаныя па вул. Казарменная, 4-8. Помнікі архітэктуры стылю мадэрн.
Гісторыя
Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя з дрэва, цэглы і бутавага каменю для кавалерыйскага гарнізона. Тры тыпавыя будынкі казарм і стайні складалі ансамбль сіметрычна-восевай планіроўкі. Цяпер казармы выкарыстоўваюцца пад жыллё.
Архітэктура
Казармы — П-падобныя ў плане аднапавярховыя будынкі, накрытыя вальмавымі дахамі. У цэнтры манументальныя двухпавярховыя мураваныя аб’ёмы з скразнымі праездамі ў выглядзе шырокіх арак (перакрыцці плоскія па бэльках). Сцены цэнтральных аб’ёмаў завершаны фігурнымі ўвагнута-выпуклымі шчытамі. Вуглы ўмацаваны буйнымі контрфорсамі. Элементы архітэктурнага дэкору — ліштвы квадратных аконных праёмаў, профілі з чырвонай цэглы, вылучаюцца на фоне бутавых сцен. Галоўны фасад фланкіраваны рызалітамі бакавых крылаў. Планіроўка памяшканняў калідорная.