Заходняе крыло (англ.: The West Wing) — амерыканскі драматычны тэлесерыял, які выходзіў у эфір з 22 верасня 1999 года па 14 мая 2006 года. Падзеі серыяла адбываюцца ў асноўным у Заходнім крыле Белага дома ў Вашынгтоне, дзе размешчаны кабінет прэзідэнта ЗША і офісы высокапасадоўцаў ягонай адміністрацыі, падчас кадэнцыі выгадагана прэзідэнта-дэмакрата Дж. Бартлета.
Сюжэт
У серыяле прадстаўлена паўсядзённае жыццё дэмакратычнай адміністрацыі прэзідэнта ЗША. Вядома, самы галоўны персанаж - гэта выгаданы прэзідэнт Дж. Бартлет, але серыял больш сканцэнтраваны на працы, якую выконваюць ягоныя дарадцы. Гэта, напрыклад, абмеркаванне палітычнай стратэгіі на бліжэйшыя тыдні, кулуарныя перамовы з кангрэсменамі і лабістамі, падрыхтоўка да выбарчай кампаніі або будучага выступлення прэзідэнта. Сам ён з'яўляецца на экране даволі рэдка, ён выконвае ролю сапраўднага начальніка, да якога падначаленыя прыходзяць, каб ухваліць або адхіліць іх ідэі. Сцэнар таксама пераплятаецца з асабістымі гісторыямі членаў каманды і самога прэзідэнта. Асноўныя сюжэты ахопліваюць некалькі эпізодаў або нават увесь сезон, але кожны эпізод таксама змяшчае некалькі карацейшых гісторый.
У серыяле ёсць шырокі склад персанажаў, каб праілюстраваць мноства людзей, якія ўдзельнічаюць у штодзённай працы офіса прэзідэнта ЗША. З дапамогай так званага «ансамблевага акцёрскага складу» галоўныя героі з'яўляюцца на экране ў падобных часавых прапорцыях. Так што яны аднолькава важныя, і ў той жа час - ніводны з іх не настолькі важны, каб ягоны адыход мог перашкодзіць далейшаму развіццю падзей.
З першай серыі можна назіраць за новаспечанай адміністрацыяй прэзідэнта ЗША, якая ўсё яшчэ спрабуе знайсці сябе ў новай сітуацыі і паспяхова прымае законы. На працягу наступных 6 сезонаў прэзідэнту даводзіцца сутыкацца з наступствамі ўтойвання сваёй хваробы (рассеянага склерозу) ад выбаршчыкаў падчас выбарчай кампаніі, барацьбой за пераабранне, выкраданнем дачкі, дапамогай кандыдату ў прэзідэнты захаваць за дэмакратамі Белы дом і інш. Апошні, сёмы сезон скончыўся 14 мая 2006 года адстаўкай прэзідэнта Бартлета і прывядзеннем да прысягі новага прэзідэнта-дэмакрата.
Узнагароды
Серыял увайшоў ў лік лепшых тэлешоў усіх часоў у такіх выданнях, як Time, TV Guide, Empire, Rolling Stone і New York Daily News. Гільдыя пісьменнікаў Амерыкі паставіла яго на першае месца ў спісе «101 найлепшы сцэнар да серыяла». Ён атрымаў высокую ацэнку ад крытыкаў, палітолагаў і былых супрацоўнікаў Белага дома. «Заходняе крыло» атрымала мноства ўзнагарод, у тым ліку дзве ўзнагароды «Пібадзі», тры прэміі «Залаты глобус» і 26 прэмій «Эмі», у тым ліку ўзнагароду за лепшы драматычны серыял, якую атрымлівала чатыры разы запар з 2000 па 2003 год.