З. Анохі, Анойхі (ז. י. אנוכי — сапраўднае імя Залман-Іцхак Арансон; 18 ліпеня 1878 — 15 кастрычніка 1947) — яўрэйскі пісьменнік, пісаў на іўрыце і на ідышы.
Біяграфія
Нарадзіўся ў мястэчку Лядах, дзе яго бацька ўзначальваў ешыбот. Вырас у Кручы, дзе бацька быў рабінам. Вучыўся ў цельшаўскім ешыбоце на Жмудзі і з мусарнікамі ў Менску. Змясціў у часопісе ешыботнікаў свой першы артыкул. Вывучаў свецкія навукі. У Гомелі склаўся гурток з яго, Цэйтліна, Гнесіна, Брэнера. Жыў у Адэсе, далучыўся да анархістаў, быў арыштаваны і шэсць месяцаў правёў у адэскай турме. Пераехаў у Вільню.
У 1903 годзе дэбютаваў на іўрыце, у «Га-Шылоах» з’явілася яго паэма (ці апавяданне?) з хасідскага жыцця «Га-Енука», затым апавяданне «Ге-Харыц» у віленскім зборніку Газман. Творы прыцягнулі ўвагу, акрылены ўдачай Анохі ўсе сілы стаў аддаваць літаратурнай працы. Далей піша толькі на ідышы. Цыкл апавяданняў пад назвай «Рэб Аба» (асобнае выданне ў 1911) зрабіў яму імя. Ён выступаў з апавяданнямі-маналогамі ад імя свайго героя. У 1910—1911 жыў у брытанскай Палесціне, гады імперыялістычнай і грамадзянскай вайны правёў у Сімферопалі. У 1921 працаваў у архівах яўрэйскага камісарыята ў савецкай Маскве. Зімой 1922 года эміграваў у Паўднёвую Амерыку, спыняўся ў Берліне, восенню быў ў Аргенціне.
З 1924 года да канца жыцця — у Тэль-Авіве. Працаваў зборшчыкам падаткаў. З гэтага часу амаль нічога не пісаў, скончыў некалькі апавяданняў на іўрыце, перакладаў на іўрыт свае старыя творы.
Творчасць
Сяргей Цынберг лічыў апавяданні рэб Абы — найлепшымі ў Анохі, а іншыя слабейшымі. Як піша Цынгберг: «Анохі выдатны знаўца беларускага хасідызму, ён малюе ў мяккіх тонах гэты сусвет ва ўсёй яго першабытнай цэльнасці. Стары хасід р. Аба, ад імя якога вядуцца расказы, гэта адна з найбольш характэрных і закончаных фігур у сучаснай яўрэйскай літаратуры». Аўтар дзвюх п’ес, якія не друкаваліся пры жыцці. П’есу «Этэле» на ідышы паказалі ў Нью-Ёрку (1928), а «Га-Баіт» ‘дом’ у тэатры Габіма. На нямецкую мову яго творы перакладала Фейга Фрыш з Беларусі.
Бібліяграфія
Кнігі выдаваліся ў Варшаве.
Цвішн гімл ун эрд (1909, 1911) — Між небам і зямлёй