Дзяніс Аляксандравіч Кандакоў (нар. 8 сакавіка 1980 года ў Наваполацку) — беларускі філолаг, літаратуразнавец, перакладчык, кандыдат філалагічных навук.
Біяграфічныя звесткі
Скончыў ў 2002 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Замежныя мовы (французская і англійская)». У 2002—2005 гадах навучаўся ў аспірантуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Літаратура народаў краін замежжа».
Дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук па спецыяльнасці «Літаратура народаў краін замежжа» абараніў 22 снежня 2005 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Тэма кандыдацкай дысертацыі: «Творчасць Эжэна Іанэска ў кантэксце ідэйна-мастацкіх пошукаў еўрапейскай літаратуры XX стагоддзя». Навуковы кіраўнік — Аляксандр Аляксандравіч Гугнін.
У 2012—2013 гадах праходзіў стажыроўку ва ўніверсітэце «Новая Сарбона» (Парыж, Францыя), у 2015 годзе — у Ягелонскім універсітэце (Кракаў, Польшча). У 2016—2017 гадах быў стыпендыятам Інстытута перадавых даследаванняў у Ліёне (Францыя).
З 2002 года працуе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. З’яўляўся выкладчыкам кафедры замежных моў, старэйшым выкладчыкам і дацэнтам кафедры сусветнай літаратуры і культуралогіі гісторыка-філалагічнага факультэта. Займаў пасаду адказнага сакратара прыёмнай камісіі ўніверсітэта. У 2015—2020 гадах займаў пасаду дэкана гісторыка-філалагічнага (пазней — гуманітарнага) факультэта гэтага ўніверсітэта. З верасня 2020 года па люты 2021 года зноў працаваў на пасадзе дацэнта кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2021 года выкладае ў французскіх ВНУ: Універсітэт Парыж III Новая Сарбона, Парыжскі політэхнічны інстытут і інш.
Грамадска-палітычная пазіцыя
У жніўні 2020 года на фоне грамадска-палітычнага крызіса і пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ў Беларусі ў знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў сышоў з пасады дэкана гуманітарнага факультэта Полацкага ўніверсітэта, але застаўся працаваць ва ўніверсітэце на пасадзе дацэнта[1]. 8 лютага 2021 года звольніўся з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Навуковая дзейнасць
Даследуе гісторыю французскай літаратуры Новага і Найноўшага часу, франкамоўную літаратуру Беларусі, славянскую літаратуру на французскай мове, метадалогію літаратуразнаўчых даследаванняў і інш. Асобныя навуковыя даследаванні прысвечаны пытанням рэцэпцыі французскай культуры ў краінах Усходняй Еўропы, літаратурнай і педагагічнай дзейнасці езуітаў на беларускіх землях у канцы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя і інш.
Узнагароды і прэміі
- Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2015)
- Прэмія «Крыніца ведаў» - лепшы малады вучоны Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (2014)
Бібліяграфія
Манаграфічныя выданні
- Творчество Эжена Ионеско в контексте идейно-художественных исканий европейской литературы XX века / Д. А. Кондаков. - Новополоцк: ПГУ, 2008. - 187 с.
Выбраныя навуковыя артыкулы
- Вобраз Полацка ў французскай драматургіі XIX стагоддзя / Д. А. Кандакоў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2008. ― № 1. ― С. 133―136.
- Творчасць Яна Баршчэўскага і французская гатычная проза: пастаноўка праблемы / Д. А. Кандакоў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2010. ― № 1. ― С. 126―131.
- Франкофония ордена иезуитов в Беларуси XVIII―XIX веков / Д. А. Кондаков // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2011. ― № 10. ― С. 2―9.
- Вобраз саламандры ў еўрапейскіх літаратурах XVII ― першай паловы XIX стагоддзя і творах Яна Баршчэўскага / Д. А. Кандакоў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2011. ― № 2. ― С. 2―8.
- События 1812―1814 годов в стихотворениях полоцких иезуитов: поэтика и политика / Д. А. Кондаков // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2012. ― № 10. ― С. 2―8.
- Панегирик полоцких иезуитов в честь П. Г. Лазарева и графа А. И. Ильинского: социально-культурный и политический контекст / Д. А. Кондаков // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2014. ― № 10. ― С. 2―7.
- Франкамоўная літаратура Беларусі XVIII стагоддзя: да вызначэння поля даследаванняў / Д. А. Кандакоў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2015. ― № 10. ― С. 2―7.
Вучэбна-метадычныя выданні
- Эстетика: учеб.-метод. компл. / Д. А. Кондаков. - Новополоцк: ПГУ, 2007. - 162 с.
Зноскі
Спасылкі