Джэймс Спенсер Клеверлі (англ.: James Spencer Cleverly; нар. 4 верасня 1969, Лондан) — брытанскі прадпрымальнік і палітык, старшыня Кансерватыўнай партыі і міністр без партфеля (2019—2020). Міністр адукацыі (2022), міністр замежных спраў (2022—2023).
Біяграфія
У 1988—1989 гадах служыў у войску, але быў звольнены з-за траўмы. Скончыў Універсітэт Заходняга Лондана, дзе вывучаў кіраванне гатэлем. З 1995 года працаваў у рэкламнай кампаніі VNU, у 2002—2003 гадах займаў там пасаду менеджара па міжнародных продажах. У 2004—2006 гадах узначальваў службу анлайн продажаў у рэкламнай кампаніі Crimson Publishing, у 2006—2007 гадах адказваў за аддзяленне лічбавых СМІ ў кампаніі Caspian Publishing, а затым стаў сузаснавальнікам рэкламнай кампаніі Point and Fire. У маі 2008 года абраны ў Лонданскую асамблею, у студзені 2009 года мэр Барыс Джонсан прызначыў яго паслом па справах моладзі.
У маі 2012 года пераабраны ў Лонданскую асамблею ад акругі Бекслі і Бромлі, заручыўшыся падтрымкай 52,6 % выбаршчыкаў.
У 2015 годзе перамог на парламенцкіх выбарах у акрузе Брэйнтры, атрымаўшы амаль утрая больш галасоў, чым наймацнейшы з сапернікаў, кандыдат Партыі незалежнасці Рычард Бінглі.
У 2017 годзе замацаваў першы поспех пасля перавыбрання з лепшым вынікам — 62,8 %, на 9 % больш, чым у 2015 годзе. Другім на гэты раз застаўся лейбарыст Малкольм Фінкен (Malcolm Fincken), якога падтрымалі 27,6 % выбаршчыкаў.
8 студзеня 2018 года ў выніку серыі перастановак у другім кабінеце Тэрэзы Мэй стаў намеснікам старшыні Кансерватыўнай партыі Брэндана Льюіса.
4 студзеня 2019 года прызначаны парламенцкім памочнікам міністра па выхадзе з ЕС пасля адстаўкі Крыса Хітана-Харыса, які не пагадзіўся з рашэннем урада прасіць Еўразвяз аб падаўжэнні перамоваў з Вялікабрытаніяй аб умовах яе выхаду.
24 ліпеня 2019 г. прызначаны старшынёй Кансерватыўнай партыі і міністрам без партфеля пры фарміраванні ўрада Барыса Джонсана.
- ↑ https://www.workwithdata.com/person/james-cleverly-1969 Праверана 9 кастрычніка 2024.