Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай — маладзёжная арганізацыя выхадцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Існаваў у 1889—1893 гадах у Пецярбургу. Аб’ядноўваў пераважна студэнтаў тэхналагічнага інстытута. Са складу гуртка (быў непастаянны, налічваў каля 25 чал.) выбіраліся старшыня і касір. У розны час старшынямі прызначаліся К. Дабкевіч, І. Вілейшыс, М. Дамашэвіч, з красавіка 1893 года беларускі паэт-рэвалюцыянер А. Гурыновіч. Меў касу ўзаемадапамогі[1].
Спачатку кірунак дзейнасці гуртка быў асветніцкі: распаўсюджванне сярод рабочых і сялян легальнай літаратуры для ўзняцця агульнага ўзроўню адукаванасці. Кнігі выпісвалі з Варшавы і набывалі ў Пецярбургу. Паступова ва ўмовах развіцця рэвалюцыйнага руху гурток эвалюцыяніраваў да палітычнай работы. Некаторыя яго члены сталі прапагандыстамі ў рабочых гуртках, падтрымлівалі кантакты з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі. Спыніў існаванне пасля арышту актыву (К. Акуліч, І. Непакайчыцкі, А. Гурыновіч і інш.)[1].
Крыніцы
Літаратура