Канстытуцыя 1501 года абвяшчала роўнасць і аднолькавасць кароннага і літоўскага гроша. Аднак вартасць кароннага складала 4/5 літоўскага. Таму «Устава» 1508 года патрабавала для каронных манет роўных правоў з літоўскімі. Але гэта не адбылося.
Віленская мынца была спынена ў 1506 годзе, пад час наведвання яе асабіста Жыгімонтам з-за таго, што манет было выбіта больш за патрэбы краіны. Але ўжо ў 1508 годзе яна ізноў распачала працу, б'ючы паўграшовікі ажно да 1529 года.
Загад, падпісаны Жыгімонтам I у 1535 годзе, загадваў «У ВКЛ новую манету ў мынцы біці, грошы, плоскія, каторыя бы былі браны па два палугрошкі». Аднак выпуск грошаў скончыўся на наступны 1536 год. На гэтых манетах маецца адметная для сусветнай нумізматыкі з'ява — выбіваліся літары (пачатковыя лацінскіх назваў месяцаў), якія азначалі час чаканкі: S — верасень, N — лістапад ў 1535 годзе, і F — люты, M — сакавік ці май, J — студзень, чэрвень, ці ліпень, A — жнівень ў 1536 годзе.
Біццё грошай адбывалася па літоўскай (1545—1546) і па польскай стапе (1546—1548). Вага польскага гроша 2,059 грама 375 пробы срэбра, літоўскі грош быў на 1/4 лепшы па срэбру.