«Віленскае пытанне», таксама «Віленская праблема» — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў гістарыяграфіі для абазначэння комплексу супярэчнасцей у міжнародных адносінах, якія звязаны з праблемай дзяржаўнай прыналежнасці Віленскага краю.
Гістарычна пад вобласцю прынята разумець тэрыторыю былой Віленскай губерні, а таксама частку Віцебскай і Гродзенскай губерняў Расійскай імперыі, згрупаваную вакол горада Вільні як культурнага і палітыка-адміністрацыйнага цэнтра дадзенага рэгіёну.
Нягледзячы на тое, што храналагічныя рамкі Віленскай праблемы звычайна пазначаюць ад 1917 да 1939 г. (у некаторых крыніцах — да 1945 г.), уласна спрэчка аб прыналежнасці Вільні пачалася нашмат раней, яшчэ ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. Першая сусветная вайна паслужыла каталізатарам разгортвання гэтага міжнароднага канфлікту.
На край мелі прэтэнзіі тры сілы, якія эксплуатавалі ў сваёй барацьбе спадчыну Вялікага Княства Літоўскага:
- Літва: адзначала, што тэрыторыя Віленшчыны адносіцца да гістарычнай Літвы, а літоўскае насельніцтва вобласці было беларусізавана і паланізавана (гл. Этнаграфічная Літва).
- Польшча: апелявала да Люблінскай уніі, у рамках якой дзяржава была аб’яднана з Польшчай у федэрацыю — Рэч Паспалітую, а таксама да мовы (найбольш распаўсюджанай у краі была польская) і рэлігіі (каталіцызм).
- Беларусь: Вялікае Княства Літоўскае інтэрпрэтавалася ў традыцыі беларускага нацыянальнага руху як палітычная і культурная спадчына старабеларускай народнасці. Акрамя таго, беларусы паводле сваёй колькасці пераважалі ўсіх астатніх і складалі ў самой Віленскай губерні больш за палову насельніцтва.
У ходзе падзей грамадзянскай вайны ў Расіі (у прыватнасці, польска-літоўскай і польска-савецкай войнаў) Віленшчына апынулася за палякамі. У 1939 годзе край заняла РСЧА, а неўзабаве савецкія ўлады перадалі рэгіён Літве.
Гл. таксама
Літаратура