Вялікае То́ка (руск.: Большое То́ко[3]) — возера ў Азіяцкай частцы Расіі, у Нерунгрынскім раёне Рэспублікі Саха (Якуція), на мяжы з Хабараўскім краем, у басейне ракі Алгама (басейн Алдана і Лены).
Вялікае Тока знаходзіцца на Алданскім нагор’і, у паўднёвай частцы Такінскай тэктанічнай упадзіны на вышыні 903[1] м над узроўнем мора, за 450 км ад горада Нерунгры. З’яўляецца самым буйным возерам у межах Станавога хрыбта і самым глыбокім на тэрыторыі Якуціі. Плошча паверхні возера 82,6[3][4] (85,2[2]) км². Даўжыня 15 км, найбольшая шырыня 7,7 (7,5[2]) км. Сярэдняя глыбіня 42[1], найбольшая каля 80 м. Аб’ём вады ў возеры 3,47[1] км³. Плошча вадазбору 919 км².
Катлавіна возера авальнай формы і мае тэктанічна-ледавіковае паходжанне. Берагавая лінія слаба звілістая, маецца некалькі заліваў. Берагі пакатыя. Вадой возера жывіцца за кошт атмасферных ападкаў і паверхневага сцёку. Вада возера вызначаецца малой мінералізацыяй і вялікай празрыстасцю. Замярзае возера ў кастрычніку, лёд трымаецца да чэрвеня[1]. За 3 км у напрамку на поўдзень знаходзіцца возера Малое Тока, звязанае з Вялікім Тока пратокай і ракой Утук[1]. У возера ўпадае рака Утук, у паўночна-ўсходняй частцы выцякае рака Мулам (левы прыток ракі Ідзюм).
У возеры водзяцца таймень, лянок, харыус, сіг-пыж’ян, арктычны галец, плотка, ялец, акунь, шчупак[1].
Зноскі
Літаратура
- Географический энциклопедический словарь: Географические названия / Гл. ред А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др.. — М.: Сов. энциклопедия, 1983. — С. 68. — 538 с. — 100 000 экз. (руск.)
Спасылкі