Вулькаўскае возера — возера ў Беларусі, у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці за 0,5 км на паўночны ўсход ад гарадскога пасёлка Целяханы, на заходняй ускраіне вёскі Вулька, у басейне ракі Ясельды. Уваходзіць у сістэму Агінскага канала, які злучае возера са Шчарай і Ясельдай.
Плошча паверхні 0,49 км², даўжыня 1,03 км, шырыня 0,68 км. Найбольшая глыбіня 23,8 м, сярэдняя 6,3 м. Аб’ём вады 3,12 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 2,8 км. Катлавіна возера мае карставае паходжанне, вызначаецца авальнай формай, невялікім памерам і значнымі глыбінямі.
Іхтыяфаўна
Лешч, шчупак, акунь, джгір, плотка, краснапёрка, лінь, срэбны карась, ракі і іншыя.
Сучасныя экалагічныя праблемы
Сёння Вулькаўскае возера з’яўляецца прыродным адстойнікам лішкаў вады з Выганашчанскай меліярацыйнай сістэмы. Вада з меліярацыйнай сістэмы на Агінскім канале паступае ў возера без першапачатковага адстойвання і ачысткі. У выніку такога ўздзеяння за апошнія 20 гадоў адбыліся значныя негатыўныя змены ў экалагічным стане возера: знізілася празрыстасць вады, адбываецца забалочванне берагоў, збяднеў раслінны і жывёльны свет возера — адным словам адбываецца паскоранае старэнне вадаёма. Возера з алігатрофнага ператварылася ў мезатрофнае.
Мікратапанімія возера
Некаторыя часткі возера (урочышча, фацыі) здаўна маюць сярод мясцовага насельніцтва уласныя назвы, які ў пэўнай ступені адлюстроўваюць адметнасці і гісторыю гэтых урочышчаў. Найбольш вядомыя з іх:
- Паповы куток — паўночна-заходняя частка возера, раней гэтыя землі належалі святару
- Зімоўка — назва зімавальнай ямы ў цэнтры возера
- Абрыў — месца ўпадзення Агінскага канала, вызначаецца абрывістым дном
- Далінка — невялікі заліў ва ўсходняй частцы возера
- Вусце — месца, дзе з возера выцякае Агінскі канал
Умовы для адпачынку
У возера высокія і прыдатныя для падыходу да вады берагі. На заходнім беразе абсталявана фестывальная пляцоўка з амфітэатрам, пірсам, пляжам, спартыўным сектарам, прыбіральнямі, умывальнікамі, альтанкамі і г.д. Непадалёк знаходзіцца гасцініца Целяханскай ЖКГ.
Літаратура
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Ліст карты N-35-124. Выданне 1991 года. Стан мясцовасці на 1986 год. (руск.)
Спасылкі