Біні

Эдо, або біні
(Edo)
Агульная колькасць 2205000 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Нігерыя
Мова эдо
Рэлігія анімізм, фетышызм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы ісока, эсан

Эдо́ (саманазва Edo), таксама біні́ (ад парт.: Benim) — народ на поўдні Нігерыі. Жывуць пераважна на правым беразе ніжняй плыні ракі Нігер (галоўным чынам — у штаце Эдо). Колькасць (2023 г.) — 2 205 000 чалавек[1].

Паходжанне

Эдо сфарміраваліся як супольны этнас у перыяд існавання дзяржавы Эдо. Этнічная саманазва паходзіць ад наймення горада, вакол якога ўзнікла дзяржава. Яе жыхары таксама называлі сябе авіоба, але гэта назва распаўсюджвалася таксама на іншаэтнічныя элементы. Назва біні ўзнікла толькі ў канцы XV ст. дзякуючы партугальцам, якія далі назву Бенін дзяржаве Эдо.

Культура

Традыцыйныя заняткі — сельская гаспадарка, рамяство і гандаль. Біні вырошчваюць клубневыя культуры, пальмы, садавіну і гародніну. Трымаюць кароў, коз, авечак і курэй. У мінулым земляробства лічылася пераважна жаночым заняткам. У наш час на зямлі працуюць як жанчыны, так і мужчыны. Характэрна, што невялікія надзелы для вырошчвання харчовых культур трымаюць нават гараджане. Нарыхтоўка сока гевеі, драўніны і лясных арэхаў маюць камерцыйны характар.

Рамяствы як самастойны занятак вылучыліся ўжо ў перыяд існавання дзяржавы Эдо. Так, у горадзе Эдо дзейнічалі аб'яднанні прафесійных металургаў, гарбароў, рэзчыкаў, ганчароў і інш. Былі шырока распаўсюджаны ткацтва і фарбаванне баваўняных тканін. У нашы дні традыцыйныя рамёствы прыйшлі ў заняпад з-за канкурэнцыі з прамысловымі таварамі. Тым не меней, у Бенін-Сіці працягваюць працаваць аб'яднанні рэзчыкаў і металургаў, якія захоўваюць старажытныя тэхналогіі. Пашыраны саматужны выраб абутку, вопраткі, рамонт, дробны гандаль. Многія біні працуюць у прамысловасці, сферах абслугоўвання, культуры і адукацыі, займаюць пасады ў дзяржапараце.

Традыцыйная вопратка вырабляецца з мясцовай фарбаванай баваўнянай тканіны ўкпанмвінаніда, уключае прасторную накідку, насцегневую повязь еруан, шырокі насцегневы пояс ахуанхуан, скураныя сандалі. Часцяком вопратка абмяжоўваецца белай накідкай. Біні абавязкова ўпрыгожваюцца біжутэрыяй з чырвоных каралаў і слановай косці. Распаўсюджаны мужчынскія і жаночыя татуіроўкі, якія наносяць у юнацкім узросце. У старажытнасці яны поруч з шрамаваннем з'яўляліся адметным сімвалам падданых дзяржавы Эдо і служылі перашкодай для адвольных перасяленняў. У наш час татіуіроўкі разглядаюцца як сімвал сталасці.

Большасць біні жыве ў вёсках ад 30 да 4000 жыхароў. У мінулым была характэрна раскіданая планіроўка, але ў нашы дні вёскі звычайна месцяцца ўздоўж дарог. Традыцыйныя хаціны маюць чатырохкутную планіроўку, узводзяцца з сырой глінянай цэглы. Дахі ладзяцца з 2 нахіламі. Знутры жыло падзяляецца на некалькі камер.

Будаўніцтва гарадоў мае тысячагадовую гісторыю. Найбуйнейшым старажытным горадам з'яўляецца Эдо. Ужо ў перыяд сярэднявечча ён быў умацаваны мурамі. Іх агульная даўжыня складала болей за 15 тысяч км. Еўрапейскія гандляры і вандроўнікі ўзгавалі шырокія прамыя вуліцы, утульныя дамы, чысты гарадскі рынак. Сакральным і адміністрацыйным цэнтрам Эдо быў палац манарха обо, упрыгожаны вырабамі са слановай косці, бронзы і латуні. У 1897 г. ён быў разрабаваны брытанцамі, назапашаныя прадметы мастацтва былі прададзены праз аўкцыён і ў наш час месцяцца ў розных музейных і прыватных калекцыях.

Асноўная сацыяльная арганізацыя — сельская або гарадская абшчына, якая кантралюе навакольныя тэрыторыі, у мінулым мела судовыя функцыі. Умоўна ўся зямля належыла оба і перадавалася абшчынам у карыстанне. Кіраванне буйных абшчын знаходзілася ў руках мясцовых правадыроў, часцяком сваякоў оба. У нашы дні абшчынная маёмасць актыўна выціскаецца прыватнай, дзейнічаюць выбраныя органы самакіравання. Тым не меней, дзяржаўныя асобы раяцца з оба і пытаюць у яго бласлаўлення. У старажытнасці вылучаліся сацыяльныя пласты высакародных асоб, простых абшчыннікаў і рабоў. У выніку пераўтварэнняў XX ст. правы грамадзян былі ўраўнаваны. Захоўваецца высокі прэстыж старых людзей, як мужчын, так і жанчын.

Пераважаюць пашыраныя сем'і. Прычым, значная частка насельніцтва аддае перавагу палігініі, калі мужчына мае некалькі жонак. Хлопцы ўступаюць у шлюб у дастаткова сталым узросце, дзяўчыны — у юнацкім. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты. Маладая сям'я селіцца не далёка ад бацькоўскай, хаця ў нашы дні гэта правіла не абавязковае. На чале пашыранай сям'і стаіць муж. Кожная жонка і яе дзеці ўтвараюць ўнутры яе самастойную сацыяльную адзінку. У склад пашыранай сям'і таксама могуць уваходзіць сем'і сыноў, аўдавелыя або разведзеныя жанчыны. Большая частка сямейнай маёмасці пераходзіць па спадчыне да старэйшага сына. Але маці маюць права перадаваць асабістую маёмасць сваім дзецям. Многія біні практыкуюць раннія абразанне хлопчыкаў і клітарыдыктамію дзяўчынак.

Старажытнае мастацтва біні знакаміта скульптурамі з латуні і слановай косці. Сярод іх вылучаюцца памінальныя галовы продкаў, якія чальцы сям'і оба памяшчалі на алтары. Простыя біні з гэтай мэтай выкарыстоўваюць драўляныя маскі. У дакаланіяльныя часы існаваў манаршы рытуальны цыкл цырымоній, па адным на кожны з трынаццаці месяцаў. Часцяком яны суправаджаліся чалавечымі ахвярапрынашэннямі. Захавалася 11 публічных цырымоній. Асабліва папулярна штогадовае свята ігэ ў гонар продкаў. Яно суправаджаецца песнямі і танцамі. Песні складаюцца з заклікаў і адказаў дзвюх груп спевакоў. Музыка мае рытмічны характар. Папулярныя народныя музычныя інструменты: флейта і ксілафон.

Мова

Мова эдо адносіцца да цэнтральнай групы асобнай галіны бенуэ-кангалезскіх моў. Асобныя запісы на ёй рабіліся з канца XV ст. У першай трэці XX ст. брытанскія місіянеры распрацавалі граматыку на аснове лацінкі. З 1930-х гг. існуе літаратура на мове эдо. Нягледзячы на гэта, эдо застаецца пераважна вуснай мовай, месцамі выціскаецца ёруба і англійскай.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія біні ўяўляе сабою складаную сумясь культа продкаў, анімізму, фетышызму і політэізму. Стваральнікам сусвету лічыцца бажаство Асанобуа. Аднак у далейшым яно аддалілася ад спраў. Сусвет падзяляецца на фізічны агбон і духоўны эрынмвін. Паміж імі не існуе выразнай мяжы, таму багі і духі актыўна ўмешваюцца ў жыццё людзей. Біні найбольш шануюць Алакуна, бога сусветных вод і ўрадлівасці, Агуна, бога жалеза, Асуна, заступніка лекараў, Агіўву, бога смерці і інш. Лічыцца, што культ продкаў у мінулым быў болей характэрны для гарадскіх жыхароў і падтрымліваўся дзякуючы ўяўленню аб святасці манарха оба.

Традыцыйныя служкі культаў падзяляюцца на жрацоў і магаў. Жрацамі могуць быць як мужчыны, так і жанчыны. Яны арганізуюць рытуальныя цырымоніі. Магі, звычайна мужчыны, займаюцца лекаваннем, прадказваюць будучыню, змагаюцца з праявамі злачыннага чарадзейства. Практыкуюбцца і хатнія цырымоніі для святкавання значных жыццёвых падзей, шанавання розных багоў і продкаў.

У 1516 г. партугальцы пабудавалі першы касцёл на тэрыторыі дзяржавы Эдо, але іх намаганні распаўсюдзіць хрысціянства не мелі вялікіх поспехаў. У каланіяльны перыяд працэс хрысціянізацыі значна паскорыўся дзякуючы дзейнасці пратэстанцкіх місій. У наш час большасць вернікаў фармальна адносіць сябе да розных хрысціянскіх канфесій, але поруч з гэтым працягвае шанаваць традыцыйных багоў.

Зноскі

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!