Артыкул пра браму, што вяла ў Цытадэль з Кобрынскага ўмацавання. Пра браму, што вяла на Кобрынскага ўмацаванне з боку горада і мела тую ж назву ў перыяд міжваеннай Польшчы гл. Паўночная брама.
Паводле некаторых звестак у першай палове XIX стагоддзя брама называлася Кобрынскай. Пазней брама атрымала назву Брэсцкая, па кірунку выезду з крэпасці ў бок горада Брэст-Літоўска.
У перыяд нямецкай акупацыі ў 1915—1918 гг. назва брамы была зменена. Пад’ёмны мост быў названы ў гонар караля Людвіга, а брама стала называцца Паўночнай. У 1915—1916 гадах для практычнасці абапал асноўнага праезда былі зроблены два дадатковыя, праз адзін з якіх была пракладзена вузкакалейная чыгунка. Гэтыя новыя праезды стварылі шляхам разбору казематаў.
У перыяд міжваеннай Польшчы у 1921—1939 гг. мост цераз правы рукаў ракі Мухавец быў рэканструяваны. Брама ж ізноў перайменавана, цяпер у Штабную браму. Назва была звязана з тым, што ў Цытадэлі размяшчалася камандаванне 9 Палескай ваеннай акругі.
Пасля вераснёвых падзей 1939 года і з прыходам новай улады, брама ў чарговы раз змяніла сваю назву. У савецкі перыяд яны называліся Трохарачнай, што абумоўлена знешнім выглядам.
У час баявых дзеянняў у чэрвені 1941 года Трохарачная брама была ў цэнтры асноўных падзей, пра што сёння нагадвае памятны знак, пастаўлены каля былой брамы.
У 1949 годзе ў час варварскага знішчэння крапасных пабудоў, брама была прызнана аварыйнай і разабранай.