Ордэн брыгітак, больш дакладна Ордэн Святога Збаўцы (лац.: Ordo Sanctissimi Salvatoris, скарочана OSsS) — каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XIV стагоддзіСвятой Брыгітай.
Назва «брыгіткі» паходзіць ад імя дачкі шведскага князя Біргера Персана — Брыгіты (у шведскай транскрыпцыі Біргіта). Нарадзілася Брыгіта каля 1303 года. У веку 13 гадоў супраць волі яе выдалі замуж за рыцара Ульфа Гудмарсана, ад якога мела 8 дзяцей. Паводле паданняў, была набожнай і на працягу жыцця надыктоўвала духоўнікам думкі, якія па смерці былі складзены ў асобны твор, які ў 1492 годзе быў выдадзены пад назвай «Адкрыццё Святой Брыгіты».
Твор «Адкрыццё Святой Брыгіты» можна характарызаваць не толькі як апавяданне пра трансцэндэнтныя перажыванні, але прыпавесць. Мроі Брыгіты ёсць у існасці алегорыямі, паэтычнымі фігурамі, уласцівымі жанру Адкрыцця. Каталіцкая царква хоць і прызнала «Адкрыццё» карысным для навучання вернікаў, але не прызнала яго праўдзіва дагматычным[1].
У 1346 годзе па смерці мужа Брыгіта заснавала ордэн Збаўцы ў мястэчку Вадстэна ў Паўднёвай Швецыі, які потым стаў называцца брыгіцкім. У 1349 годзе ордэн зацверджаны Папам Рымскім. Паводле статуту ордэну, які напісала сама Брыгіта, асноўнай мэтай ордэну было пашырэнне культу пакут Хрыста і культу Маці Боскай. Статут новага ордэна не быў вельмі суровым і набліжаўся да статута Святога Аўгусціна. Наадварот, суровым было стаўленне да развітання з светам праз сталы напамін пра смерць. Таму перад уваходам на хоры ў касцёлах брыгітак стаялі катафалкі, а абатысы штодзённа праводзілі манашак на мясцовыя могілкі. Само заснаванне ордэну лічылася праявай культу Дзевы Марыі. У статуце было закладзенае імкненне адпавядаць дуалізму чалавецтва — пажадана было ў кожным горадзе засноўваць парныя кляштары — жаночы і мужчынскі. Але найчасцей кляштары ўзнікалі толькі жаночыя, так стала і ў Вялікім Княстве Літоўскім[1].
Ордэн атрымаў пашырэнне ў паўночнай Еўропе. Нягледзячы на тое, што некалькі кляштараў брыгітак існавала ў Францыі і Італіі, у асноўным ордэн пашырыўся ў Швецыі, Англіі і Паўночнай Германіі. Але з перамогай Рэфармацыі ў вышэйадзначаных краінах, маёмасць ордэну была канфіскавана, а кляштары распушчаныя. Ордэну быў нанесены моцны ўдар, ад якога ён так і не аправіўся, таму брыгіцкія кляштары былі даволі рэдкімі і малавядомымі.
На Беларусі існавалі толькі два кляштары брыгітак: у Гродне і ў Брэсце. Аднак кляштар з Брэста быў перанесены ў Луцк і звестак пра яго амаль не захавалася. Таму адзіны кляштар брыгітак на Беларусі захаваўся толькі ў Гродна[2].
Зноскі
↑ абПамяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8..
↑Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 44. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4..