«Бе́лая ру́жа» (ням.: die Weiße Rose) — рух супраціву ў нацысцкай Германіі, які складаўся са студэнтаў і прафесара філасофіі Мюнхенскага ўніверсітэта. Група праіснавала ад чэрвеня 1942 года да лютага 1943 года. Яе дзейнасць палягала ў ананімным распаўсюдзе ўлётак, якія заклікалі да актыўнага супраціву рэжыму Адольфа Гітлера. Шэсць галоўных членаў арганізацыі былі арыштаваны гестапа і пакараны абезгалоўліваннем у 1943 годзе. У гонар брата і сястры Шоль, а таксама прафесара Губера названыя дзве плошчы перад галоўным будынкам Мюнхенскага ўніверсітэта.