Беларуская часовая рада (БЧР, Часовая беларуская рада) — палітычнае аб’яднанне польскай арыентацыі ў Заходняй Беларусі.
Існавала ў 1924—1926 у Вільні. Заснавальнікі і ідэолагі В. Адамовіч, С. Валэйша, А. Паўлюкевіч, Я. Салавей. Друкаваны орган — газета «Грамадскі голас».
На думку арганізатараў, БЧР узнікла «як апазіцыя Беларускаму пасольскаму клубу, яго камунізуючай ідэалогіі і рэвалюцыйным метадам». Рада пракламавала непадзельнасць і суверэннасць Беларусі, хоць фактычна задавальнялася культурна-нацыянальнай аўтаноміяй у рамках Польшчы. Заклікала да еднасці, стварэння адзінага нацыянальнага фронту. Непрымірыма ставілася да эміграцыйнага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі і ўрада БССР. З узнікненнем Беларускай сялянска-работніцкай грамады і шырокім разгортваннем нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі БЧР распалася, а дзейнасць асобных яе прадстаўнікоў, асабліва Паўлюкевіча, вырадзілася ў дагаджанне польскім уладам, жыраванне на беларускай ідэі.
Літаратура
- Ліс А. С. Беларуская часовая рада / А. С. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 1: А—Беліца. — Мн.: БелЭн, 1993. — 495 с. — С. 420. — ISBN 5-85700-074-2.
- Горны А. С. Беларускія паланафілы і майскі пераварот у Польшчы 1926 года // Беларусь у XIX—XXI стагоддзях: праблемы этнакультурнага і нацыянальна-дзяржаўнага развіцця. — Гомель, 2013. — С. 121—127.