Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст.
Багуслаў Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст.
канюшы вялікі літоўскі
28 красавіка 1646 — 31 снежня 1669
Папярэднік Ян Казімір Хадкевіч
Пераемнік Францішак Стэфан Сапега
харунжы вялікі літоўскі
1638 — 28 красавіка 1646
Папярэднік Мікалай Сапега
Пераемнік Крыштаф Жыгімонт Пац

Нараджэнне 3 мая 1620(1620-05-03)[1][2][…]
Смерць 31 снежня 1669(1669-12-31)[1][2][…] (49 гадоў)
Месца пахавання
Род Радзівілы
Бацька Януш Радзівіл[3]
Маці Лізавета Соф’я Гогенцолерн
Жонка Ганна Марыя Радзівіл[d][4][3]
Дзеці Людвіка Караліна Радзівіл[3]
Веравызнанне кальвінізм[5]
Адукацыя
Дзейнасць ваенная служба[d][6] і дзяржаўная служба[6]
Званне генерал
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Багуслаў Радзівіл (польск.: Bogusław Radziwiłł, літ.: Boguslavas Radvila; 3 мая 1620, Гданьск — 31 снежня 1669, пад Кёнігсбергам) — харунжы літоўскі, канюшы літоўскі, генеральны губернатар Прускага герцагства.

Біяграфія

Сын кашталяна віленскага Януша Радзівіла і Лізаветы Соф’і Гогенцолерн. З сямі гадоў выхоўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім пад апекай стрыечнага дзядзькі Крыштафа Радзівіла Перуна.

У 1637 годзе выехаў вучыцца ў Нідэрланды, але кінуў навучанне для ўдзелу ў вайне з іспанцамі. Пазней вучыўся ў Парыжы ў Акадэміі рыцарскай. Падарожнічаў па Еўропе, удзельнічаў у войнах і міжусобіцах. У 1648 годзе вярнуўся ў Рэч Паспалітую, калі даведаўся пра казацкую вайну. Для барацьбы з казакамі наняў 2 тысячы пехацінцаў, рэйтараў і драгунаў. У антыказацкіх кампаніях удзельнічаў як генерал каралеўскай гвардыі. Летам 1654 года спазніўся пад Шклоў да вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла і практычна не ваяваў, у 1655 годзе браў удзел у контрнаступе і падчас хваробы Януша Радзівіла кіраваў яго дывізіяй пры аблозе Магілёва. Разам з Янушам Радзівілам быў ініцыятарам Кейданскай уніі — пераходу ВКЛ пад пратэктарат Швецыі. Перайшоўшы да шведаў, узначальваў брандэнбургскую армію на тэрыторыі Прусіі (1657—1658), пасля вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай і ваяваў супраць Швецыі ў Курляндыі.

Багуслаў Радзівіл і яго жонка Ганна Марыя. Мініяцюра XIX ст.

Валодаў вялікай латыфундыяй, пасля смерці бацькі стаў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, многіх маёнткаў, праз шлюбу са сваёй стрыечнай пляменніцай Ганнай Марыяй, дачкой вялікага гетмана Януша Радзівіла, атрымаў Кейданы, Дубінкі, Біржы, Заблудаў, Койданава, Беліцу і іншыя, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, бібліятэку (гл. Бібліятэка Багуслава Радзівіла), дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т.л. Радзівілаўскі летапіс (завяшчаў яго ў 1668 годзе ў Каралявец). Падтрымліваў кальвінісцкія зборы і школы. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў (зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі). На службе ў Багуслава Радзівіла былі многія навукоўцы і дзеячы культуры, у т.л. Юзаф Нарановіч-Наронскі, Станіслаў Незабітоўскі і іншыя.

Багуслаў Радзівіл адкрыў у Слуцку прадпрыемства па вырабе гармат, майстры па адліўцы гармат былі запрошаны з Германіі.

Пасля смерці Багуслава Радзівіла яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны (гл. Нойбургскія маёнткі).

Асабістае жыццё

Князь быў героем многіх амурных гісторый і адзюльтэраў, напрыклад, з французскай прыгажуняй герцагіняй Беатрыс дэ Кюзанс; меў вялікія матрыманіяльныя планы з замежнымі арыстакраткамі і прынцэсамі, у тым ліку і з уладарных дамоў — Шарлотай дэ Ла Форс, Маргарытай дэ Раган, Марыяй Сцюарт (дачкой Карла І), Марыяй Насаў, Ганнай Даротай Гольштэйн-Гаторпскай, Марыяй Эльжбетай Саксонскай, Элеанорай Кацярынай Пфальц-Цвейбрукенскай (сястрой шведскага караля Карла Х Густава) і іншымі.

Але ў 1660-х годзе Багуслаў закахаўся ў юную кузіну Ганну Марыю Радзівіл (1640—1667), адзіную дачку вялікага гетмана Януша Радзівіла. Нягледзячы на тое, што яе бацька быў пратэстант, Ганна Марыя была выхавана сваёй маці Кацярынай з роду Патоцкіх як каталічка. Гэта, а таксама вельмі блізкая крэўнасць былі сур’ёзнымі перашкодамі ў іх складаным каханні. Для шлюбу патрабавалася папская дыспенсія (дазвол), атрыманне якой было не лёгкай справай для перакананага кальвініста Багуслава, асабліва калі дзясяткі кавалераў настойліва, а часам абсалютна нетактоўна забягаліся па руку багатай нявесты. Усё гэта адбывалася на фоне шматлікіх палітычных інтрыг, у якія розным чынам быў уцягнуты князь Багуслаў, які бараніў інтарэсы пратэстанцкай лініі Радзівілаў. Аднак закаханыя дамагліся свайго і ўзялі шлюб 24 лістапада 1665 годзе са сціплай цырымоніяй у Лібаве. Праз два гады, падчас родаў Ганна Марыя памерла, пакінуўшы самотнага князя з адзінай іх дачкой Людвікай Каралінай.

Бібліяграфія

  • Informacja domowa i polityczna // Przyczynki do historii domowej w Polsce. Wilno, 1858;
  • Autobiografia. Warszawa, 1979.
  • Аўтабіяграфія / Укладанне і пасляслоўе У. Сіўчыкава; Прадмова Г. Літвіна; Пераклад з польскай мовы А. Бутэвіча, У. Сіўчыкава. Мінск: Радыёла-плюс, 2009. 212 с.: іл.

Зноскі

  1. а б RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. а б Bogusław Radziwiłł // Brockhaus Enzyklopädie
  3. а б в Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. V, Ziemia połocka i województwo połockie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. Г. ЛюлевічWarszawa: 2018. — С. 239. — ISBN 978-83-65880-49-9
  6. а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.

Літаратура

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!