Багуслаў Багданавіч Вільчкоўскі (14 сакавіка 1928, в. Пагулянка, Наваградскае ваяводства,
Польская Рэспубліка[1] — 27 лістапада 1964) — старшыня калгаса «Іскра» Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, Герой Сацыялістычнай Працы (1966, пасмяротна)[2].
Біяграфія
Нарадзіўся 14 сакавіка 1928 года ў сям’і памешчыка. Паляк.
Яго бацькі ў перыяд уз’яднання Заходняй Беларусі і ўваходжання яе ў склад Беларускай ССР усталі на бок Савецкай улады. Жылі на станцыі Міцькавічы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны заставаліся на акупаванай тэрыторыі. У 14 гадоў Багуслаў стаў сувязным партызанскага атрада, збіраў звесткі, перадаваў партызанам, неаднаразова ўдзельнічаў у падрывах чыгуначнага моста, варожых эшалонаў)[2].
Вярнуўшыся да мірнага жыцця, стаў працаваць простым конюхам у калгасе «Іскра». Жыў у вёсцы Малая Сваротва Баранавіцкага раёна. Уступіў у ВКП(б)/КПСС. Неўзабаве быў прызначаны брыгадзірам і ў 1959 годзе вылучаны на пасаду старшыні калгасу — гэта было рашэнне партыйнай арганізацыі.
Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам рэвізійнай камісіі Брэсцкай абласной партыйнай арганізацыі.
Увечары 27 лістапада 1964 года, падчас выступу на партыйным сходзе ў памяшканні праўлення калгаса, Багуслаў Вільчкоўскі быў забіты — злачынец стрэліў з цемры, з вуліцы праз акно. Гэта быў надзвычайны выпадак не толькі рэспубліканскага, але і ўсесаюзнага маштабу. Яго забойца быў устаноўлены, прызнаны вінаватым у здзяйсненні тэрарыстычнага акту і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання[3].
Багуслаў Багданавіч быў пахаваны на могілках вёскі Соргавічы.
Памяць
- Імя Вільчкоўскага да нядаўняга часу насіў былы калгас «Іскра»[2].
- У вёсцы Малая Сваротва, у будынку былой драўлянай канторы, дзе быў забіты старшыня, знаходзіцца цяпер музей імя Вільчкоўскага[2].
- На цэнтральнай сядзібе калгаса усталяваны бюст[2].
- Яго імя носіць вуліца ў Баранавічах[2].
Узнагароды
- Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі Вільчкоўскаму Багуславу Багдановічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы пасмяротна[2]
- Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі
Зноскі
- ↑ Цяпер Баранавіцкі раён
- ↑ а б в г д е ё Вильчковский Богуслав Богданович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 113. — 737 с.
- ↑ Пуля для депутата(недаступная спасылка)
Літаратура
- Хліманаў В. Усё асталося людзям. — В кн.: Сцяганосцы новага, перадавога. Мн., 1967.
Спасылкі
Багуслаў Багданавіч Вільчкоўскі на сайце «Героі краіны»