Арнольд Мак-Мілін (англ.: Arnold Barratt McMillin; нар. 21 чэрвеня 1941, Ньюкасл) — брытанскі філолаг-славіст, прафесар, папулярызатар беларускай літаратуры.
Біяграфія
Вучыўся ў Лонданскім універсітэце. Універсітэт скончыў у 1964 годзе і ў 1971 годзе абараніў тут дысертацыю (доктар славянскай філалогіі). Выкладаў рускую мову і літаратуру ва ўніверсітэтах Лондана (1965—1976) і Ліверпуля (1976—1988). У 1988—2006 гадах — прафесар рускай літаратуры Лонданскага ўніверсітэта.[3] У 1984—1986 гадах быў прэзідэнтам Брытанскай універсітэцкай асацыяцыі славістаў, у 1978—88 г.— брытанскім прадстаўніком у Міжнародным камітэце славістаў, пазней стаў сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Сябра і віцэ-прэзідэнт Англа-беларускага таварыства, удзельнік выдання (у 1965—1971 гадах рэдактар) «The Journal of Byelorussian Studies».
У 1991—1992 гадах пачаў чытаць курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя».
Навукова-даследчая дзейнасць
Аўтар васьмі манаграфій і больш як 100 артыкулаў, прысвечаных беларускай літаратуры, і звыш 500 кніжных рэцэнзій, укладальнік 13 зборнікаў. Аўтар больш за 30 артыкулаў, прысвечаных рускай літаратуры і музыцы.[3]
Першая манаграфія «Беларуская літаратурная лексіка XIX стагоддзя» (The Vocabulary of the Byelorussian Language in the 19th Century) была напісана на падставе доктарскай дысертацыі і апублікавана Англа-беларускім таварыствам (1971). Ейным працягам стала «Гісторыя беларускай літаратуры: ад пачаткаў да сённяшняга дня» (A History of Byelorussian Literature from its Origins to the Present Day) — першая англамоўная гісторыя беларускай літаратуры (1977).
У 2010 годзе ў Лондане выйшла яго новая кніга «Напісанае ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў да нашых дзён» (англ.: Writing In A Cold Climate: Belarusian Literature From The 1970s To The Present Day).
У 2016 годзе прадставіў сваю новую кнігу «Рунь», у якой аналізуе творчасць 40 маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў, выдадзеных на пачатку ХХІ стагоддзя[4].
Найноўшая беларусазнаўчая манаграфія — «Паэзія і пародыя ў Беларусі і Брытаніі: дзве культурныя традыцыі» («Poetry and parody in Belarus and Britain: two cultural traditions»; 2021)[3]
Напісаў прадмовы да зборніка беларускай паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зборніка вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англійскую мову (з Верай Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977).
Даследаваў навуковую дзейнасць Я. Ф. Карскага, Я. Чачота, творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, В. Быкава і інш.
Узнагароды
Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[5].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі