У 1842 годзе быў высланы з Францыі праз абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расійскай імперыі. Назаўсёды пасяліўся ў Цюрыху, дзе вёў сваю дзейнасць да канца жыцця. Ён двойчы намагаўся сустрэцца з Папам Рымскім, каб пераканаць яго ў хрысціянскай рэвалюцыі, гэта значыць увесці евангельскія прынцыпы ў міжнародныя адносіны. Не дапушчаны да Папы, ён напісаў лісты Грыгорыю XVI і Пію IX, на якія не атрымаў адказу.
Пахаваны на могілках Зільфельд у Цюрыху.
Рэлігійнае вучэнне
Тавянізм (тавіянства) ёсць супярэчлівай і эклектычнай сумессю разнастайных рэлігійных, містычных і гісторыяфіласофскіх поглядаў. Істотную ролю ў ім адыгрываюць уяўленні аб «калонах» несмяротных духаў, якія дзейнічаюць праз людзей, аб місіях асобных народаў (напрыклад, яўрэяў, французаў і палякаў) і аб пасланцах Бога, праз якіх ажыццяўляецца Правідзенне. Да такіх пасланцаў Тавянскі залічваў Напалеона і сябе.
Паводле вучэння Тавянскага, Польшча — адзіная каталіцкая і разам з тым адзіная хрысціянская краіна. Яна — Месія, бо паслана ў свет загладзіць грахі роду чалавечага і, як месія, укрыжованая. Як у Старым Запавеце былі рассеяны яўрэі, народ абраны, так у новым рассеяны абраны народ Новага Запавету — палякі, за тое, што не здолелі абараніць Польшчу, але надыдзе часіна — Польшча ўваскрэсне, палякі збяруцца ў ёй, свет перарадзіцца.
У духу месіянізму Тавянскага Адам Міцкевіч напісаў свае рэлігійна-публіцыстычныя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832). Гэтае ж кола ідэй Міцкевіч развіваў у газеце «Польскі пілігрым» («Pielgrzym Polski[d]», 1832—1833).