Андрэй Казімір Пагажэльскі (польск.: Andrzej Kazimierz Pogorzelski; каля 1616, Мазовія — 10 ліпеня 1684, Вільня[2]) — езуіцкі святар і педагог.
Уступіў у Таварыства Ісуса 12 жніўня 1637 г. у Вільні. Пасля навіцыяту, верагодна, авалодваў педагагічным майстэрствам пад кіраўніцтвам Яна Вышковіча ў настаўніцкай семінарыі пры Полацкім езуіцкім калегіуме (1639—1640). Вывучаў філасофію (1641—1644), а потым выкладаў рыторыку (1644—1645) ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. У Вільні вывучаў тэалогію (1645—1649) быў высвечаны на ксяндза.
Прэфект сярэдніх школ у Дынабургу (1649—1650), прафесар рыторыкі для семінарыстаў-езуітаў у настаўніцкай семінарыі пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1650—1653), прафесар філасофіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1653—1655). У 1655—1658 гг. выконваў абавязкі прыдворнага прапаведніка люблінскага кашталяна, а потым узначальваў калегіум у Плоцку (1661—1664). У 1664 г. атрымаў у Віленскай акадэміі ступень магістра філасофіі і вольных навук, роўную доктарскай ступені. Прафесар палемічнай і пазітыўнай тэалогіі ў Браневе (1665—1666). З 1666 па 1670 гг. — рэгент Папскай семінарыі і прафесар палемічнай тэалогіі і Св. Пісання ў Віленскай акадэміі, дзе ў 1670 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі.
Рэктар і магістр навіцыяту (пры касцёле Св. Ігнація) у Вільні (1671—1673), рэктар калегіума ў Рэшалі (1673—1676), прэфект школ духоўнай семінарыі ў Пултуску (1676—1677), рэгент Папскай семінарыі ў Вільні (1677—1680), рэктар калегіума ў Крожах (1680—1683). У рукапісах захаваліся яго лекцыі па філасофіі[3].
Зноскі
Літаратура
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
- Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — 188 s.