Алі́й Мажлі́с (ад узб.: Oliy Majlis — Вышэйшы Сход) — парламент Узбекістана, паводле вынікаў рэферэндуму 27 лютага 2002 года, складаецца з дзвюх палат — ніжняй (заканадаўчая палата) і верхняй (сенат). Тэрмін паўнамоцтваў Заканадаўчай палаты і Сената — пяць гадоў.
Ніжняя палата
Заканадаўчая палата складаецца са 150 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў адпаведнасці з законам. Галоўнай асобай у Заканадаўчай палаце з’яўляецца Спікер Заканадаўчай палаты Алій Мажліса.
Дэпутатаў ніжняй (заканадаўчай) палаты ў першым скліканні — 120 (абіраліся на прамых усеагульных выбарах), у наступных двух — 150, з іх 135 абіраліся на прамых усеагульных выбарах, 15 месцаў было зарэзервавана для Экалагічнага руху Узбекістана. Парадак дзейнасці Заканадаўчай палаты вызначаецца Канстытуцыяй Рэспублікі Узбекістан, Законам «Аб Заканадаўчай палаце Алій Мажліса Рэспублікі Узбекістан» і іншымі заканадаўчымі актамі.
Верхняя палата
Сенат з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва і складаецца са 100 сенатараў. Члены Сената Алій Мажліса абіраюцца ў роўнай колькасці — па 6 чалавек — ад Рэспублікі Каракалпакстан, вілаетаў і горада Ташкента шляхам тайнага галасавання на адпаведных сумесных пасяджэннях дэпутатаў Жакаргы Кенэса Рэспублікі Каракалпакстан, прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады вілаетаў, раёнаў і гарадоў з ліку гэтых дэпутатаў. 16 членаў Сената Алій Мажліса Рэспублікі Узбекістан прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Узбекістан з ліку найбольш аўтарытэтных грамадзян з вялікім практычным досведам і заслугамі ў галіне навукі, мастацтва, літаратуры, вытворчасці і іншых сферах дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці.
Дэпутатам Заканадаўчай палаты, а таксама членам Сената можа быць грамадзянін Рэспублікі Узбекістан, які дасягнуў да дня выбараў 25 гадоў.