У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Шарыпа.
Алена Пятроўна Шарыпа (25 верасня 1973, Мінск, БССР) — беларускі мастак.
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і мастака Пятра Пятровіча Шарыпы і настаўніцы матэматыкі, Лазарук Людмілы Анатольеўны, пляменніцы доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Лазарука.
Першыя ўрокі жывапісу атрымала ад бацькі.
Паўтары гады наведвала Дзіцячую мастацкую школу № 1 імя В. К. Цвіркі. З 1987 па 1991 год вучылася ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя I. В. Ахрэмчыка (цяпер ДУА «Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка»).
У 1991 годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на аддзяленне станковага жывапісу. Вучылася ў Міхаіла Меранкова, Уладзіміра Пасюкевіча, Аляксандра Казлоўскага, Барыса Аракчэева, Віктара Грамыкі. Дыпломнай працай кіраваў Аляксей Марачкін.
Скончыла акадэмію ў 1997 годзе. З 1998 па 2004 год выкладала ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.
У выставах удзельнічае з сярэдзіны 1990-х гадоў. У 1999 годзе стала сябрам Беларускага саюза мастакоў.
Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу.