Акадская культура

У культуры і мастацтве акадскага перыяду (XXIV—XXII ст. да н.э.) галоўным матывам была ідэя героя. Гэта або абагаўлёны цар нязнатнага паходжання, які здолеў дамагчыся ўлады, сабраць і павесці за сабой велізарную армію, аб'яднаць землі Міжрэчча і адправіцца паходам у далёкія землі (Сарган Старажытны і Нарам-Суэн). Або гэта быў чалавек з нізаў грамадства, які дзякуючы сваёй сіле і здольнасцям праславіўся ў ваенных паходах і быў абвешчаны царом. Такім чынам, у мастацтве акадцы надавалі большае значэнне асобе чалавека, чым шумеры ў папярэдні перыяд[1].

Мастацтва

Нешматлікія помнікі перыяду аб'яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада сведчаць пра узмацненне культу уладара. Акадскае мастацтва праіснавала каля двухсот гадоў на аснове агульнага эканамічнага і грамадска-палітычнага ўздыму краіны. У мастацтве Двурэчча ў перыяд Акада пераважала асноўная стылістычная тэндэнцыя акадскай культуры[2] — пры захаванні ўмоўных шумерскіх прыёмаў у заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб'ёмнасці фігур, увасаблення прыроды[3].

Дасканаласці дасягнула тэхніка мастацкай апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка[3].

Неўзабаве пасля смерці Нарам-Сіна, з-за хуткай бюракратызацыі новай верхавіны грамадства, у Акадзе пачаўся яго эканамічны крызіс. Каля 2200 г. да н.э. у краіну ўварвалася горнае племя гутыяў, якое апустошыла і падпарадкавала землі Двурэчча. Аднак традыцыі акадскага мастацтва заставаліся моцнымі яшчэ доўга, на поўдні Двурэчча аж да сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н.э., да заваявання яго таксама горцамі — касітамі[2].

Архітэктура

Архітэктура акадскага перыяду развівалася ў агульным рэчышчы месапатамскай архітэктуры, захоўваючы яе традыцыйныя прыёмы, такія як гарызантальнае чляненне сцен шляхам чаргавання выступаў (пілястраў) і ніш, узвядзенне храмаў на штучных узвышэннях і да т.п[4]. У архітэктуры перыяду Акада шырока ўжывалі корабавыя скляпенні з абпаленай цэглы, перакрываючы імі вузкія, калідорападобныя памяшканні ў некаторых храмах. Аркамі, таксама з абпаленай цэглы, апраўлялі многія дзвярныя праёмы[2].

Цары Акада вялі актыўную будаўнічую дзейнасць. Яны перабудоўвалі храмы і свяцілішчы, узводзілі палацы і крэпасці. Аднак да нашых дзён захавалася вельмі мала слядоў акадскіх пабудоў. Гэта выклікана, па-першае, анархіяй пасля падзення Акада, падчас якой многія пабудовы былі разбураны, а па-другое, палітыкай цароў 3-й дынастыі Ура, якія, аднаўляючы пасля разбурэнняў старажытныя храмы і зікураты, наўмысна знішчалі сведчанні прац часоў Акада[5]. У 1899—1900 гадах Г. Ф. Гілпрэхт выявіў у Ніпуры падмурак зікурата, закладзенага Сарганам Акадскім, размешчаны пад зікуратам эпохі 3-й дынастыі Ура.

Раскапаны Малаўэнам палац Нарам-Суэна, ніжняя паўднёвая частка

Найбольш добра захаваны ўзор акадскай архітэктуры выяўлены ў Тэль-Браку Максам Малаўэнам. Будынак, ад якога захаваўся толькі падмурак, быў названы палацам, аднак, хутчэй за ўсё, гэта быў фарпост для аховы гандлю Акада з жыхарамі Малой Азіі. «Палац», датаваны часамі кіравання Нарам-Сіна, быў квадратным у плане, з бакамі даўжынёй каля 100 м. Знешнія сцены вельмі тоўстымі. Унутры былі размешчаны шматлікія каморы і ўнутраныя дворыкі. Фарпост быў разрабаваны і разбураны пажарам з падзеннем Акада[4].

У старажытным горадзе Эшнуна выяўлены падмуркі шматлікіх прыватных дамоў і загараджальнай сцяны акадскага перыяду[4], а таксама вялікі жылы будынак, названы Паўночным Палацам. Будынак складаўся з трох вялікіх частак. Паўднёвая частка ўяўляла сабой унутраны дворык, акружаны маленькімі пакойчыкамі. Знойдзеныя ў ім люстэрка, упрыгожванні і туалетныя аксэсуары гавораць пра знаходжанне ў ім жанчын. У цэнтральнай частцы будынка была анфілада жылых і парадных пакояў. Паўночная частка складалася са службовых памяшканняў і сістэмы дворыкаў, якія вялі да галоўнага ўвахода. Ва ўсходняй частцы будынка мелася некалькі маленькіх туалетных пакояў са збудаваннямі з абпаленай цэглы, што маюць вадасцёк, які выходзіць за межы збудавання. Ва Уры Леанардам Вулі даследавана каля 400 акадскіх пахаванняў[6].

Скульптура

Статуя Гудэа

Да нашых дзён ацалела вельмі мала ўзораў акадскай скульптуры. Для гэтага перыяду характэрнымі з’яўляюцца статуі  (англ.) правіцеля Гудэа[3], якія можна падзяліць два тыпы: адны — з традыцыйна некалькі скарочанымі прапорцыямі (хоць гэтак жа старанна апрацаваныя, нягледзячы на цяжкі для апрацоўкі матэрыял — дыярыт, і ўпершыню ў гісторыі Двурэчча — сапраўды манументальныя, да двух метраў), а іншыя — цалкам выкананыя ў акадскіх традыцыях[7]. Характэрнымі стылістычнымі асаблівасцямі круглай пластыкі і рэльефаў перыяду Акада былі таксама складнасць прапорцый, натуральнасць перададзеных рухаў, мяккая лепка ўсіх формаў, маляўнічасць агульных сілуэтаў і дэкаратыўна прапрацаваных дэталяў[2].

Бронзавая галава цара Акада, верагодна, Саргана. каля 2300 г. да н.э. Іракскі музей, Багдад

Самыя вядомыя помнікі акадскай скульптуры  — гэта бронзавая галава акадскага кіраўніка, статуя і чорны абеліск Маніштушу. Галава акадскага цара знойдзена Максам Малаўэнам у Ніневіі, у развалінах храма Іштар. Малаўэн вызначыў статую як выяву Саргана Акадскага, зробленую па загадзе яго сына Маніштушу, які лічыцца заснавальнікам храма. У цэлым, акадскім скульптарам удалося дасягнуць большага рэалізму, чым іх шумерскім папярэднікам. Сарган адлюстраваны з прычоскай «шлем-парык», вусамі і падзеленай барадой. На месцы вачэй былі каштоўныя камяні, пры выманні аднаго з іх статуя была пашкоджана. У наш час знаходка захоўваецца ў Іракскім нацыянальным музеі[8].

Пераможная стэла аднаго з Акадскіх цароў. Луўр

Абеліск Маніштушу быў знойдзены падчас раскопак у Сузах. Што ж тычыцца статуі гэтага цара, то яе верхняя частка моцна пашкоджана; Маніштушу адлюстраваны стоячы ў доўгім адзенні.

Гліптыка

Гліптыка Старажытнай Месапатаміі традыцыйна амаль заўсёды была прадстаўлена цыліндрычнымі пячаткамі. Яны вырабляліся з каляровых напаўкаштоўных камянёў, а іх адбіткі перадавалі розныя міфалагічныя сцэны. У адрозненне ад помнікаў архітэктуры і скульптуры, пячатак акадскага перыяду захавалася даволі шмат. Іх знаходзілі ў пахаваннях і жылых дамах. Акадскія разьбяры пячатак унеслі некалькі навінак у іх выраб. У адрозненне ад шумерскіх мастакоў, якія аб'ядноўвалі ўсе фігуры ў адной вялікай сцэне, акадцы складалі кампазіцыі з асобных карцін, падзеленых клінапісным тэкстам. Самі выявы сталі буйнейшымі, а прамежкі паміж імі большымі. Таму, а таксама з-за глыбейшай разьбы, адбітак атрымліваўся больш рэльефным. У якасці сюжэту выбіраліся разнастайныя рэлігійныя і міфалагічныя сцэны: напрыклад, птушка Зу, якая крадзе «таблічкі лёсу»; Этана, што ляціць на арле; і іншыя[9]. На пячатках часта выразалася імя ўладальніка і яго бацькі, пасада ці прафесія ўладальніка[10].

Рэльефы

Стэла ў гонар перамогі Нарам-Сіна над лулубеямі з Сузаў. Каля 2300 г. да н.э., Луўр

Значных поспехаў акадскія майстры дасягнулі ў вырабе рэльефаў. Самыя характэрныя помнікі — каменныя стэлы цароў Рымуша і Нарам-Суэна. Стэлу Нарам-Суэна — выявілі ў Сузах, сталіцы Элама, куды яе вывез эламскі цар Шутрук-Нахунтэ з Сіпара ў якасці трафея. Яна была ўзведзена па загадзе цара Нарам-Суэна ў гонар яго перамогі над горным племем лулубеяў. У кампазіцыі вылучаецца фігура цара, які стаіць над войскамі і топча ворагаў. Цар акружаны сімваламі божастваў, галава яго ўвянчана галаўным уборам з рогамі, якія сведчаць, паводле меркавання акадцаў, пра яго ўласнае боскае паходжанне[8]. Стэла Рымуша захавалася фрагментарна. Яна таксама апавядае пра ваенныя перамогі цара. Сам Рымуш адлюстраваны ў махрыстым адзенні з нацягнутым лукам, верагодна, што ён прымае ўдзел у забіцці палонных.

Мова і пісьменнасць

Акадская дзяржава была двухмоўнай: і шумерская, і акадская мовы мелі важнае значэнне. Шумерская мова гэтага часу знаходзілася на так званым пераходным этапе свайго развіцця. Яна мела найважнейшае значэнне як мова набажэнстваў, літаратуры і храмавага ўліку. Разам з тым, своеасаблівае палітычнае становішча і складанасць гэтай мовы абумоўлівалі ўсё глыбейшае пранікненне акадскай мовы ў культуру і побыт насельніцтва Ніжняй Месапатаміі. Апошняя была распаўсюджана ў форме стараакадскага дыялекту і ўжывалася, галоўным чынам, у канцылярыі.

Акадскі клінапіс

Абедзве мовы выкарыстоўвалі клінапісную славесна-складовую сістэму знакаў (клінапіс). Самым распаўсюджаным матэрыялам для пісьма была гліна, з якой рабіліся таблічкі, на якіх спецыяльным стылам пісцы выціскалі знакі. Да перыяду існавання Акадскай дзяржавы адносіцца пераход ад круглых таблічак да строга прамавугольных, з добра прачэрчанымі лініямі для пісьма[11]. Затым таблічку падсушвалі, і дакумент быў гатовы. У акадскую эпоху пісалі зверху ўніз, знакі былі яшчэ досыць архаічнымі, якія імітавалі шумерскія почыркі. Радкі падзяляліся вертыкальнымі лініямі. Калі надпіс быў вялікі, то ён быў падзелены на ярусы, якія, у сваю чаргу, аддзяляліся гарызантальнымі лініямі. Марфалагічная форма слова часта не выпісвалася цалкам, выкарыстоўваліся лагаграмы, дэтэрмінатывы і іншае.

Літаратура

Асноўнай мовай мастацкай літаратуры гэтага перыяду заставаўся шумерская[12]. Колькасць помнікаў на акадскай мове, якія датуюцца гэтым перыядам, нязначная. Даследчыкі называюць гэту мову стараакадскай[11]. Шэраг літаратурных твораў прыпісваецца Энхедуане, дачцэ Саргана Акадскага і вярхоўнай жрыцы Ура[13]. Яе творы называліся «гімнамі да багіні Інаны». Да нас дайшло звыш 100 таблічак з фрагментамі некалькіх гэтых гімнаў, але толькі ў спісах пазнейшага старававілонскага перыяду. Яны выкарыстоўваліся ў школах для перапісвання, што сведчыць пра іх папулярнасць.

Рэлігія

Даследаванні навукоўцаў дазволілі выявіць, што продкі акадцаў — усходнія семіты — ушаноўвалі розных божастваў, заступнікаў асобных абшчын, але пры гэтым семіты спрадвеку пазбягалі называць багоў уласнымі імёнамі. Кожнае племя ці абшчына называла свайго бога-заступніка «панам» — ба'ал ці бел, а багіню-заступніцу «багіняй» — аc̠тар ці іштар (хоць у паўднёвых семітаў гэта было імем мужчынскага бажаства).

Да моманту стварэння Акадскай дзяржавы семіцкія багі былі адаптаваны да шумерскай міфалогіі. Бел стаў вярхоўным богам, якім у той час з'яўляўся Энліль (пазней — Мардук); імя Іштар стала ўжывацца, у прынцыпе, у дачыненні да любой багіні.

Нароўні з атаясненнем, адбывалася таксама змянненне традыцыйных імёнаў шумерскіх багоў на семіцкі лад. Так, вярхоўны шумерскі бог Энліль па-акадску называўся Эліль; багіня Інана часцей за ўсё называлася Іштар, сонечны бог Уту — Шамаш, увасабленне месяца Нана (Зуэн) — Суэн (Сін), Энкі — Хайя (Эа), Ішкур — Адад і г.д.

На падставе таго, што пантэон, розныя выявы і сюжэты былі часта тоеснымі ў абедзвюх культурах, звычайна гавораць пра адзіную шумера-акадскую міфалогію[14].

Зноскі

  1. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том 1983, с. 295-296.
  2. а б в г Период Аккада. (24—22 вв. до н. э.)
  3. а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  4. а б в Лойд 1984, с. 156.
  5. Лойд 1984, с. 154.
  6. Лойд 1984, с. 155.
  7. ПАМЯТНИКИ ПЕРИОДА ГУДЕА(недаступная спасылка)
  8. а б Лойд 1984, с. 157.
  9. Лойд 1984, с. 158-159.
  10. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том 1983, с. 296.
  11. а б Gadd C. J. The dynasty of Agade and the Gutian invasion // Cambridge Ancient History. 3rd Ed. — Vol. I, Part 2. — Cambrdige: Cambridge University Press, 1971. — P. 450
  12. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том 1983, с. 300.
  13. ENHEDUANA'S VISUAL EVIDENCE. Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2012. Праверана 15 красавіка 2011.
  14. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том 1983, с. 280-281.

Літаратура

  • ред. Дьяконов И. М. История Древнего Востока. Зарождение классовых обществ и первые очаги рабовладельческой цивилизации. — М.: Наука, 1983. — Т. 1. Месопотамия. — 534 с. — 25 050 экз.
  • Ллойд С. Археология Месопотамии. — М.: Наука, 1984. — 280 с. — 15 000 экз.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!